грамадзя́нскі, -ая, -ае.
1. Які мае адносіны да прававога становішча грамадзян у дзяржаве.
Г. кодэкс.
Грамадзянскія законы.
2. Уласцівы грамадзяніну як свядомаму члену грамадства (высок.).
Г. абавязак.
3. Неваенны, цывільны.
Грамадзянскае адзенне.
4. Нецаркоўны.
Г. шрыфт.
○
Грамадзянская вайна — узброеная барацьба ўнутры дзяржавы паміж палітычнымі, рэлігійнымі, этнічнымі або ідэалагічнымі групамі.
грамадзя́нства, -а, н.
Прыналежнасць да ліку грамадзян дзяржавы, прававое становішча грамадзяніна (у 1 знач.).
Беларускае г.
грама́дскасць, -і, ж., зб.
1. Перадавая, найбольш актыўная частка грамадства.
Пісьменніцкая г.
Вынесці што-н. на суд грамадскасці.
2. Грамадскія арганізацыі.
Прафсаюзная г. фабрыкі.
грама́дскі, -ая, -ае.
1. Які мае адносіны да грамадства, які ўзнікае ў грамадстве, звязаны з дзейнасцю людзей у грамадстве.
Г. лад.
Грамадскае становішча.
Грамадскія навукі.
Грамадскае жыццё.
Грамадская думка.
Грамадскія адносіны.
2. Звязаны з работай па добраахвотным абслугоўванні палітычных, культурных, прафесійных патрэб калектыву.
Грамадская арганізацыя.
Г. кантралёр.
Грамадская работа.
3. Які належыць грамадству, не прыватны.
Грамадская ўласнасць.
грама́дства, -а, н.
Сукупнасць людзей, аб’яднаных гістарычна абумоўленымі сацыяльнымі формамі сумеснага жыцця і дзейнасці.
Феадальнае г.
Сучаснае г.
гра́мата, -ы, ДМ -маце, мн. -ы, -мат, ж.
1. Уменне чытаць і пісаць.
Вучыць грамаце.
2. Афіцыйны дакумент.
Даверчая г.
Ахоўная г.
◊
Кітайская грамата (разм.) — пра што-н. незразумелае.
грама́тыка, -і, ДМ -тыцы, мн. -і, -тык, ж.
1. Лад¹ (у 5 знач.) мовы (словаўтварэнне, марфалогія і сінтаксіс), які разам з фанетыкай і лексікай утварае яе цэласную сістэму.
2. Навука аб гэтым ладзе.
Тэорыя граматыкі.
3. Кніга, якая апісвае гэты лад.
Акадэмічная г.
Вучэбная г.
|| прым. граматы́чны, -ая, -ае.
Граматычная катэгорыя.
грамафо́н, -а, мн. -ы, -аў, м.
Музычны апарат з рупарам для ўзнаўлення гукаў запісаных на пласцінку.
|| прым. грамафо́нны, -ая, -ае.
грамаце́й, -я, мн. -і, -яў, м. (разм.).
Пісьменны чалавек.
грамза́піс, -у, мн. -ы, -аў, м.
Запіс музыкі, прамовы і пад. на спецыяльным носьбіце (першапачаткова на грамафоннай пласцінцы).
Студыя грамзапісу.