Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

цягло́, -а́, н.

1. У Рускай дзяржаве 15—18 стст.: дзяржаўная павіннасць сялян і пасадскіх людзей.

2. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18—19 стст.

3. зб. Рабочая жывёла для цягі, для перавозкі чаго-н.

|| прым. цяглавы́, -а́я, -о́е.

ця́глы, -ая, -ае.

1. Абкладзены цяглом (гіст.).

2. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай (гіст.).

3. Стромкі, высокі (пра дрэвы; разм.).

Прыемна стаяць пад цяглай сасной.

цягні́к, -а́, мн. -і, -о́ў, м.

Састаў счэпленых чыгуначных вагонаў, якія прыводзяцца ў рух лакаматывам.

Ц. прыбывае на першую платформу.

|| прым. цягніко́вы, -ая, -ае.

цягну́цца, цягну́ся, ця́гнешся, ця́гнецца; цягніся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы.

Уздоўж ракі цягнуўся луг.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Валачыся па зямлі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічвацца ў даўжыню, шырыню ад нацягвання.

Рызіна цягнецца.

4. да каго-чаго. Выцягвацца, цягнуцца ў якім-н. напрамку.

Дзіця цягнецца ручкамі да цацкі.

Расліны цягнуцца да сонца.

5.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Доўга, марудна праходзіць, працягвацца.

Справа цягнецца два гады.

Час цягнецца марудна.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухацца ў адным напрамку, адзін за адным.

Па дарозе цягнуўся абоз.

7. перан., за кім-чым. Імкнуцца да каго-, чаго-н.

Ц. да ведаў.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра пах, дым і пад.).

Ад кастра цягнуўся пах дыму.

9. 3 цяжкасцю ісці, плесціся (разм.).

Стары ледзь цягнуўся.

10. Адставаць ад іншых па якіх-н. паказчыках (разм.).

цягну́ць, цягну́, ця́гнеш, ця́гне; цягні; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго-н., перамяшчаць, набліжаць да сябе што-н. з сілай, намаганнем.

Ц. канат.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы.

Два паравозы цягнулі таварны састаў.

Ц. цяля на вяроўцы.

3. перан., каго-што. Браць з сабой без патрэбы.

Ц. дзяцей з сабой.

4. каго. Прымушаць ці пераконваць ісці куды-н.

Ц. у кіно.

5. што. Падаўжаць расцягваннем; вырабляць, апрацоўваць, выцягваючы (спец.).

Ц. дрот.

Металы можна гнуць, каваць і ц.

6. каго-што. Несці што-н. цяжкае або ў вялікай колькасці (разм.).

Ц. мех на плячах.

7. што. Выцягваць, здабываць, браць.

Ваду цягнулі з возера па трубах.

8. што. Уцягваць у сябе, убіраць, усмоктваць; піць павольна.

Расліны цягнуць з глебы пажыўныя рэчывы.

Дзіця цягнула праз соску малако з бутэлькі.

9. каго-што. Уцягваць, прыцягваць.

Плыўца цягнула (безас.) у вір.

10. каго-што. Тузаць, торгаць.

Ц. за рукаў.

Ц. за касу.

Нагу цягне (безас.).

11. каго-што. Вабіць да каго-, чаго-н., куды-н.

Цягне ў лес.

Яго цягнула (безас.) да гаспадаркі.

12. безас., каго-што. Адчуваць патрэбу ў чым-н. (пра фізічны, псіхічны стан).

Цягне на сон.

Ц. на сур’ёзную размову.

13. перан., што. Патрабаваць, вымагаць (грошы, падарункі і пад.; разм.).

14. што. Ісці, рухацца ў пэўным парадку.

Высока ў небе цягнуць клін жураўлі.

15. безас., чым. Веяць, дзьмуць (пра паветра, вецер, холад і пад.).

Ад ракі цягнула вільгаццю.

Цягне з акна.

16. што і без дап. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым-н.

Ц. пошукі.

Ц. справу.

17. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць, мець што-н. вынікам.

Злачынства цягне за сабой пакаранне.

18. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад.

Ц. песню.

Ц. гаворку.

За вушы цягнуць каго (разм.) — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што-н. рабіць.

Цягнуць адну і тую ж песню (разм., неадабр.) — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку (разм., неадабр.) — марудзіць з ажыццяўленнем чаго-н.

Цягнуць воз (разм.) — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго (разм., неадабр.) — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за язык каго (разм.) — прымушаць расказваць што-н.

Цягнуць каніцель (разм., неадабр.) —

1) рабіць, гаварыць і пад. што-н. аднастайна, нудна;

2) марудзіць, зацягваць якую-н. справу.

Цягнуць ката за хвост (разм., неадабр.) — нудна, наўмысна павольна гаварыць што-н.

Цягнуць лямку (разм.) — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць рызіну (разм., неадабр.) — адцягваць, адкладваць якую-н. справу, работу надаўжэй; марудліва, павольна рабіць што-н.

Цягнуць ярмо (разм.) — бесперапынна і цяжка працаваць.

|| зак. пацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні.

цягу́чы, -ая, -ае.

1. Здольны расцягвацца, падаўжацца, не абрываючыся, не ломячыся.

Цягучая рызіна.

2. Густы і клейкі, ліпкі.

Ц. клей.

3. перан. Працяглы, запаволены, марудлівы.

Цягучыя песні.

4. Тое, што і цягавіты.

|| наз. цягу́часць, -і, ж.

цяж, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Рэмень, трос, які служыць сродкам перадачы цягавай сілы.

2. Рэмень ці вяроўка, нацягнутыя ад верхняга канца аглоблі да восі пярэдняга кола для выраўноўвання ходу павозкі.

цяжа́р, -у, м.

1. Вага чаго-н., звычайна цяжкага.

Ц. ношы.

2. Груз вялікай вагі.

3. перан. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым-н. адказным, непрыемным і пад.

4. Адчуванне чаго-н. цяжкага, непрыемнага (у целе, галаве і пад.).

Непрыемны ц. адчуваўся ва ўсім целе.

цяжа́раць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Станавіцца цяжарнай.

|| зак. зацяжа́раць, -аю, -аеш, -ае.

цяжа́рнасць, -і, ж.

Стан жанчыны ў перыяд развіцця плода ў арганізме.

Пазаматачная цяжарнасць — цяжарнасць, пры якой плод развіваецца па-за маткай.