Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дабы́так, -тку, м. (разм.).

Дабро, пажыткі.

Прывёз з сабой увесь д.

дабы́ць, -бу́ду, -бу́дзеш, -бу́дзе; зак.

Прабыць дзе-н. да пэўнага тэрміну ці да канца.

Д. выпрабавальны тэрмін.

Д. да канца сходу.

дабяга́ць гл. дабегчы.

дабяла́, прысл.

1. Чыста, да белага колеру.

Вымыць сарочку д.

2. Да белага напалу.

Нагрэць д.

дабялі́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -бе́ліцца; зак. (разм.).

Канчаткова выбеліцца.

Палатно дабеліцца на сонцы.

дабялі́ць, -бялю́, -бе́ліш, -бе́ліць; зак.

1. Закончыць пабелку ці бяленне чаго-н.

Д. сцены.

2. Выбеліць што-н. да якога-н. месца.

|| незак. дабе́льваць, -аю, -аеш, -ае.

давае́нны, -ая, -ае.

Які існаваў ці з’явіўся да вайны.

Д. будынак.

Д. ўзровень развіцця прамысловасці.

дава́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

Дабаўка да таго, што ўзважваецца, калі ў ім не хапае вагі.

Сыр з даважкай.

дава́жыць, -ва́жу, -ва́жыш, -ва́жыць; зак.

1. Закончыць узважванне чаго-н.

2. Важачы што-н., дадаць пэўную колькасць да поўнай вагі.

|| незак. дава́жваць, -ваю, -ваеш, -вае.

давазі́ць, -важу́, -во́зіш, -во́зіць; зак., што.

Скончыць возку чаго-н.

Усё сена не паспелі д.