Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дапя́ць, -пну́, -пне́ш, -пне́; -пнём, -пняце́, -пну́ць; -пні́; зак. (разм.).

1. да каго-чаго. Дайсці, дабрацца куды-н.

Ратуючыся, ён аж да Масквы дапяў.

2. чаго. Дамагчыся, дасягнуць чаго-н.

Яна свайго дапне.

3. Зразумець што-н.

Слухаў, слухаў, але не адразу дапяў.

|| незак. дапіна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

дапячы́, -пяку́, -пячэ́ш, -пячэ́; -пячо́м, -печаце́, -пяку́ць; дапёк, -пякла́, -ло́; -пячы́; -пе́чаны; зак.

1. Скончыць пячы, давесці да поўнай гатоўнасці.

Д. хлеб.

2. чаго. Спячы дадаткова.

Д. бліноў.

3. перан., каму і без дап. Вывесці з раўнавагі; даняць.

Сваімі дакорамі і папрокамі ён усім дапёк.

|| незак. дапяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

дар, -у, мн. дары́, -о́ў, м.

1. Тое, што даецца бясплатна; падарунак.

Прынесці што-н. у д.

2. Плён працы, якой-н. дзейнасці; тое, што дае прырода.

Дары прыроды.

3. Талент, здольнасць.

Д. пісьменніка.

Святыя дары — хлеб і віно для прычашчэння веруючых.

Дар слова — здольнасць прыгожа гаварыць.

дарабі́ць, -раблю́, -ро́біш, -ро́біць; -ро́блены; зак., што.

1. Скончыць, завяршыць работу, давесці да патрэбнага ўзроўню.

Д. справы.

Д. праект забудовы.

2. Зрабіць дадаткова, прырабіць што-н. да чаго-н.

Д. ключ.

Д. ножку да стала.

|| незак. дарабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. даро́бка, -і, ДМ -бцы, ж.

дарава́льны, -ая, -ае.

Такі, які можна дараваць.

Д. ўчынак.

дарава́нне, -я, н.

1. гл. дараваць.

2. мн. -і, -яў. Здольнасць, талент, а таксама асоба, якая валодае такімі талентамі.

Паэтычнае д.

Юныя дараванні.

дарава́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ру́ецца; зак. і незак.

Не залічыцца (не залічвацца) у віну.

Гэта вам ніколі не даруецца.

дарава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; зак. і незак.

1. што і за што. Зняць (знімаць) віну за што-н.

Усё можна д., толькі не хлусню.

Гэты промах мы можам яму д.

Вы мне даруйце за маю нетактоўнасць.

2. зак. Падарыць, узнагародзіць.

Д. зняволенаму волю.

Д. грамату.

3. зак., што, каму. Вызваліць ад якога-н. абавязацельства.

Д. доўг.

4. у знач. пабочн. сл. дару́й(це). Ужыв. пры звароце да каго-н. з просьбай прабачыць за што-н.

Даруйце, я затрымаўся.

Дараваць жыццё — памілаваць асуджанага да пакарання смерцю.

|| зак. падарава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е, -ру́й; -рава́ны (да 1 і 2 знач.).

|| наз. дарава́нне, -я, н. (да 1—3 знач.).

дарагаві́зна, -ы, ж.

Тое, што і дарагоўля.

Д. на прамтавары.

дарагі́, -а́я, -о́е; даражэ́йшы.

1. Які каштуе многа грошай, высока цэніцца; проціл. танны.

Дарагая мэбля.

Дорага (прысл.) каштуе.

2. перан. Які звязаны з вялікімі намаганнямі, ахвярамі.

Дарагая перамога.

3. перан. Такі, якім даражаць, якога шануюць.

Нам дарагая памяць герояў.

Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка (прыказка).

4. Ласкавы, мілы, любімы.

Д. друг.

Пішы часцей, дарагая сяброўка.