Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

этыле́н, -у, м.

Бясколерны газ, які складаецца з вугляроду і вадароду і выкарыстоўваецца для атрымання поліэтылену, этылавага спірту і інш.

|| прым. этыле́навы, -ая, -ае.

этымалагізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; незак., што і без дап. (спец.).

Займацца этымалагізацыяй; устанавіць этымалогію.

|| наз. этымалагізава́нне, -я, н.

этымалагіза́цыя, -і, ж. (спец.).

Устанаўленне этымалогіі якога-н. слова.

этымало́гія, -і, ж.

1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне і роднасныя сувязі слоў.

2. Паходжанне таго або іншага слова ці выразу.

Народная этымалогія (спец.) — памылковае пераасэнсаванне запазычанага слова шляхам устанаўлення сувязі з вядомым словам роднай мовы на аснове некаторых агульных прымет, без уліку рэальных фактаў паходжання.

|| прым. этымалагі́чны, -ая, -ае.

Э. слоўнік.

этымо́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст у галіне этымалогіі (у 1 знач.).

этымо́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

У мовазнаўстве: першапачатковае, зыходнае значэнне слова і яго форма.

эты́чны, -ая, -ае.

1. гл. этыка.

2. Які адпавядае правілам этыкі (у 2 знач.).

Э. ўчынак.

Этычна (прысл.) паводзіць сябе.

|| наз. эты́чнасць, -і, ж.