Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

цадзі́ць, цаджу́, цэ́дзіш, цэ́дзіць; цэ́джаны; незак.

1. што. Прапускаць вадкасць праз цадзілку, сіта і пад. для ачысткі.

Ц. малако.

2. што. Ліць павольна праз вузкае горла, адтуліну.

Ц. квас у шклянку.

3. што. Павольна піць, цягнуць праз зубы.

Ц. напітак праз саломінку.

4. Ісці (пра дробны невялікі дождж).

Пад раніцу пачаў ц. дождж.

5. перан., што і без дап. Гаварыць павольна; вымаўляць праз зубы (разм.).

Ён не гаварыў, а цадзіў словы.

|| наз. цаджэ́нне, -я, н.

цалава́льнік, -а, мн. -і, -аў, м. (гіст.).

1. У Расіі 15—18 стст.: службовая асоба, абавязкамі якой былі збор падаткаў і выкананне некаторых судовых і паліцэйскіх функцый.

2. Прадавец віна ў шынку ці карчме.

цалава́цца, -лу́юся, -лу́ешся, -лу́ецца; -лу́йся; незак.

Цалаваць адзін аднаго.

Ц. пры сустрэчы.

|| зак. пацалава́цца, -лу́юся, -лу́ешся, -лу́ецца; -лу́йся.

|| наз. цалава́нне, -я, н.

цалава́ць, -лу́ю, -лу́еш, -лу́е; -лу́й; -лава́ны; незак., каго-што.

Дакранацца вуснамі да каго-, чаго-н. у знак любві, ласкі, дружбы і пад.

Ц. маці.

Ц. руку.

|| зак. пацалава́ць, -лу́ю, -лу́еш, -лу́е; -лу́й; -лава́ны.

|| наз. цалава́нне, -я, н.

цалёўка, -і, ДМ -лёўцы, мн. -і, -лёвак, ж. (разм.).

Дошка таўшчынёй у адну цалю.

|| прым. цалёвачны, -ая, -ае.

цалі́к, -у́, м.

Няходжаная, няезджаная прастора, звычайна снежная.

Дарогі не было, ехалі па цаліку.

цаліна́, -ы́, ж.

1. Зямля, якая ніколі не апрацоўвалася.

Узнімаць цаліну.

2. Тое, што і цалік.

3. перан. Недаследаваная, нявывучаная галіна чаго-н.

|| прым. цалі́нны, -ая, -ае.

Цалінныя землі.

цалі́ннік, -а, мн. -і, -аў, м.

Той, хто працуе на цалінных землях.

|| ж. цалі́нніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

ца́лкам, прысл.

1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не часткова.

Перадрукаваць артыкул ц.

2. Да канца, поўнасцю, зусім.

Ц. прысвяціць сябе навуцы.

Цалкам і поўнасцю (разм.) — поўнасцю (з адценнем узмацнення).

цалко́м, прысл.

Цэлым кавалкам, не жуючы.

Ц. глытаць бульбу.