Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тэрма...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. тэрмічны, цеплавы, напр.: тэрмабаракамера, тэрмаграма, тэрмарэгуляванне, тэрмаактыўны, тэрмаакумуляцыя, тэрмагенератар, тэрмаграфія, тэрматэрапія, тэрмахімія, тэрмабарометр, тэрмазварванне, тэрмасклейванне.

тэрмадына́міка, -і, ДМ -міцы, ж.

Раздзел фізікі, які вывучае законы цеплавога руху і яго ўплыў на фізічныя ўласцівасці цел.

|| прым. тэрмадынамі́чны, -ая, -ае.

тэ́рмас, -а, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяльная пасудзіна для захоўвання змесціва пры пастаяннай тэмпературы.

Кава ў тэрмасе.

|| прым. тэ́рмасны, -ая, -ае.

Т. корак.

тэрмаста́т, -а, М -ста́це, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Прыбор для падтрымання пастаяннай тэмпературы.

|| прым. тэрмаста́тны, -ая, -ае.

тэрмаўсто́йлівы, -ая, -ае (спец.).

Які вытрымлівае высокую тэмпературу.

Тэрмаўстойлівая пластмаса.

|| наз. тэрмаўсто́йлівасць, -і, ж.

тэрмая́дзерны, -ая, -ае.

Які адносіцца да рэакцый зліцця некаторых лёгкіх ядраў атама ў больш цяжкія пры звышвысокіх тэмпературах з вылучэннем велізарнай колькасці энергіі за вельмі кароткі прамежак часу.

Тэрмаядзерная рэакцыя.

тэ́рмін¹, -у, м.

1. Пэўны адрэзак часу, адведзены для чаго-н.

Закончыць работу ў месячны т.

2. Вызначаны час, дата, да наступлення якой або пасля якой павінна што-н. адбыцца, закончыцца і пад.

Набліжаўся т. уступных экзаменаў.

тэ́рмін², -а, мн. -ы, -аў, м.

Слова або словазлучэнне, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце якой-н. спецыяльнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва і пад.

Тэхнічны т.

Мовазнаўчы т.

тэрміна́л, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

1. У транспартных сетках: месца пасадкі або высадкі пасажыраў пагрузкі або выгрузкі грузаў і іх накаплення.

Мытны т.

Т. аэрапорта.

2. Канцавая частка сістэмы, якая забяспечвае сувязь сістэмы з навакольным асяроддзем.

Плацежны т.

Купіць білет праз т.

3. Прыстасаванне ў ЭВМ, прызначанае для ўводу і вываду інфармацыі.

Камп’ютарны т.

|| прым. тэрміна́льны, -ая, -ае.

тэрмінало́гія, -і, ж.

Сукупнасць, сістэма тэрмінаў якой-н. навукі, галіны тэхнікі, віду мастацтва.

Т. фізікі.

Т. філасофіі.

Мовазнаўчая т.

|| прым. тэрміналагі́чны, -ая, -ае.