Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дыядэ́ма, -ы, мн. -ы, -дэ́м, ж.

1. Вянок або галаўная павязка з упрыгожаннямі з каштоўных камянёў, якія надзявалі цары і вярхоўныя жрацы ў мінулыя часы.

2. Жаночае галаўное ўпрыгожанне з каштоўных камянёў у выглядзе кароны.

Д. з сапраўднымі брыльянтамі.

дыя́кан, -а, мн. -ы, -аў, м.

У праваслаўнай царкве: ніжэйшае духоўнае званне; памочнік святара ў час царкоўнай службы.

|| прым. дыя́канскі, -ая, -ае.

Д. сан.

дыя́каніха, -і, ДМ -нісе, мн. -і, -ніх, ж. (разм.).

Жонка дыякана.

дыякрыты́чны, -ая, -ае.

У выразе: дыякрытычны знак — надрадковы ці падрадковы знак у літары (у некаторых алфавітах — побач з літарай), які ўдакладняе гучанне, напр., значок кароткасці над літарамі «ў» або «й».

дыяле́кт, -у, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

Мясцовая разнавіднасць мовы, якая адрозніваецца ад сумежных гаворак своеасаблівымі фанетычнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі.

Паўночна-ўсходні д. беларускай мовы.

|| прым. дыяле́ктны, -ая, -ае.

Д. арэал.

дыялектало́гія, -і, ж.

Раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты.

|| прым. дыялекталагі́чны, -ая, -ае.

дыялекто́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст у галіне дыялекталогіі.

дыялекты́зм, -а, мн. -ы, -аў, м.

Слова або выраз якога-н. дыялекту, ужытыя ў літаратурнай мове.

дыяле́ктык, -а, мн. -і, -аў, м.

Паслядоўнік дыялектычнай філасофіі, дыялектыкі (у 1 знач.).

дыяле́ктыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

1. Філасофскае вучэнне аб усеагульных законах руху і развіцця прыроды, чалавечага грамадства і мыслення; навуковы метад пазнання з’яў прыроды і грамадства шляхам ускрыцця ўнутраных супярэчнасцей і барацьбы процілегласцей, якія прыводзяць да скачкападобнага пераходу з адной якасці ў другую.

Матэрыялістычная д.

2. Сам працэс такога руху і развіцця.

Д. падзей.

Д. гісторыі.

3. Майстэрства весці спрэчкі, прымяняць лагічныя довады (уст.).

|| прым. дыялекты́чны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Д. матэрыялізм.

Д. метад.

|| наз. дыялекты́чнасць, -і, ж. (да 2 знач.).