Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дыэле́ктрык, -а, мн. -і, -аў, м. (спец.).

Рэчыва, цела, якое дрэнна праводзіць электрычны ток; неправаднік.

|| прым. дыэлектры́чны, -ая, -ае.

дыябе́т, -у, Ме́це, м.

Назва шэрагу хвароб, выкліканых парушэннем абмену рэчываў.

Цукровы дыябет — хвароба, якая характарызуецца павелічэннем цукру ў крыві і мачы.

|| прым. дыябеты́чны, -ая, -ае.

дыябе́тык, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Хворы на дыябет.

|| ж. дыябеты́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

дыягана́ль¹, -ю, м.

Шчыльная баваўняная або шарсцяная тканіна з косымі рубчыкамі.

Купіць дыяганалю на паліто.

|| прым. дыягана́левы, -ая, -ае.

дыягана́ль², -і, мн. -і, -ей, ж.

У матэматыцы: прамая лінія, што злучае два несумежныя вуглы многавугольніка або дзве вяршыні шматгранніка, якія не ляжаць у адной плоскаці.

|| прым. дыягана́льны, -ая, -ае.

дыя́гназ, -у, мн. -ы, -аў, м.

Урачэбнае заключэнне аб характары і сутнасці хваробы, а таксама яе абазначэнне.

Паставіць д.

|| прым. дыягнасты́чны, -ая, -ае.

дыягнастава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак., што (спец.).

1. Паставіць (ставіць) дыягназ.

Д. хваробу.

2. Устанавіць (устанаўліваць) тэхнічны стан машын, механізмаў.

|| наз. дыягнастава́нне, -я, н. і дыягно́стыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

Дыягнаставанне хваробы.

Тэхнічная дыягностыка.

Спецыяліст па дыягностыцы.

дыягно́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Урач, які ўстанаўлівае дыягназ.

дыягно́стыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

1. гл. дыягнаставаць.

Ранняя д. захворвання.

Лабараторная д.

2. Галіна медыцыны аб метадах і прынцыпах вызначэння дыягназу.

|| прым. дыягнасты́чны, -ая, -ае.

дыягра́ма, -ы, мн. -ы, -ра́м, ж.

Графічны відарыс, які наглядна ілюструе суадносіны якіх-н. велічынь.

Д. росту навуковых кадраў.

|| прым. дыягра́мны, -ая, -ае.