Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

цепла...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. цеплавы, напр.: цепластанцыя, цеплатраса, цеплаўстойлівасць, цеплаізаляцыя.

цеплаабме́н, -у, м. (спец.).

Працэс пераносу цеплаты ад больш нагрэтых цел, асяроддзя і пад. да менш нагрэтых.

Ц. у атмасферы.

|| прым. цеплаабме́нны, -ая, -ае.

цеплаабме́ннік, -а, мн. -аў, м. (спец.).

Апарат перадачы цяпла ад цела з больш высокай тэмпературай да таго, якое мае больш нізкую тэмпературу.

цеплаадда́ча, -ы, ж. (спец.).

1. Аддача цяпла нагрэтым целам у акаляючае асяроддзе.

2. У фізіялогіі: вылучэнне цяпла жывёльным арганізмам у працэсе яго жыццядзейнасці.

цеплаахо́ва, -ы, ж. (спец.).

Тое, што і цеплаізаляцыя.

|| прым. цеплаахо́ўны, -ая, -ае.

цеплаво́з, -а, мн. -ы, -аў, м.

Лакаматыў з рухавіком унутранага згарання.

|| прым. цеплаво́зны, -ая, -ае.

цеплавы́, -а́я, -о́е.

Які мае адносіны да цеплаты (у 1 знач.), заснаваны на дзеянні цеплаты.

Цеплавая энергія.

Цеплавая электрастанцыя.

цеплаёмістасць, -і, ж. (спец.).

Колькасць цеплаты, якая паглынаецца целам пры награванні на 1°С або якая аддаецца целам пры ахалоджванні на 1°С.

цеплаёмісты, -ая, -ае. (спец.).

1. Які валодае вялікай цеплаёмістасцю.

2. Які патрабуе вялікіх затрат цяпла, паліва.

Цеплаёмістая вытворчасць.

цеплазабеспячэ́нне, -я, н.

Цэнтралізаванае забеспячэнне жылых дамоў і прамысловых прадпрыемстваў гарачай вадой і парай для ацяплення, бытавых і тэхнічных патрэб.