Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

дагарэ́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ры́ць; зак.

1. Згарэць да канца або да якой-н. мяжы.

Дровы дагарэлі.

Свечка дагарэла.

2. перан. Перастаць свяціцца; патухнуць.

Зара дагарэла.

|| незак. дагара́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -а́е і дага́рваць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ае.

дагаспада́рыцца, -руся, -рышся, -рыцца; зак. (разм., іран.).

Давесці гаспадарку да заняпаду.

дагеста́нцы, -аў, адз. -нец, -нца, м.

Насельніцтва Рэспублікі Дагестан, якая ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі.

|| ж. дагеста́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. дагеста́нскі, -ая, -ае.

дагістары́чны, -ая, -ае.

Які адносіцца да пары, што папярэднічала з’яўленню пісьменнасці.

Д. перыяд.

дагле́дзець, -гле́джу, -гле́дзіш, -гле́дзіць; -гле́дзь; -гле́джаны; зак., каго-што.

1. Паклапаціцца аб кім-, чым-н., акружыць увагай, стварыць добры догляд.

Д. хворага.

Д. дзяцей.

2. Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі (звычайна з адмоўем).

Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам (прыказка).

|| незак. дагляда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

даглядзе́ць, -гляджу́, -глядзі́ш, -глядзі́ць; -глядзі́м, -гледзіце́, -глядзя́ць; -глядзі́; зак.

Скончыць прагляд чаго-н.

Д. кінафільм.

|| незак. дагле́джваць, -аю, -аеш, -ае.

дагля́дчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Той, хто даглядае каго-, што-н., наглядае за кім-, чым-н.

Д. коней.

2. Службовая асоба, якая даглядае дарожныя рэчы, грузы на мытні.

Мытны д.

|| ж. дагля́дчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

|| прым. дагля́дчыцкі, -ая, -ае.

дагматы́зм, -у, м.

Некрытычнае мысленне, якое апіраецца на догмы.

|| прым. дагматы́чны, -ая, -ае.

дагма́тык, -а, мн. -і, -аў, м.

Чалавек, які мысліць догмамі, схільны да дагматызму.

дагматы́чны, -ая, -ае.

1. гл. дагматызм.

2. Заснаваны на палажэннях, якія прымаюцца як бясспрэчныя, як догмы.

Дагматычныя разважанні.

3. Катэгарычны, бяздоказны, які не дапускае пярэчанняў.

Д. тон.

|| наз. дагматы́чнасць, -і, ж.