а́лібі
(лац. alibi = у іншым месцы)
юр. доказ невінаватасці абвінавачанага, заснаваны на тым, што ён у момант, калі адбывалася злачынства, знаходзіўся ў іншым месцы.
алігакра́тыя
(ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + kratos = улада)
улада невялікай групы людзей.
алігапо́лія
(ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + роleo = прадаю)
1) панаванне некалькіх кампаній (трэстаў, канцэрнаў) у некаторых галінах прамысловасці;
2) сітуацыя на рынку, пры якой невялікая колькасць прадаўцоў, што кантралюе цэнаўтварэнне, гандлюе з вялікай колькасцю пакупнікоў.
алігапсо́нія
(англ. oligopsonia, ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + opsonia = закупка прадуктаў)
сітуацыя на рынку, пры якой даволі абмежаванай колькасці пакупнікоў процістаіць вялікая колькасць прадаўцоў (вытворцаў).
аліга́рх
(гр. oligarches, ад oligos = нямногі + arche = улада)
1) правіцель алігархіі 1;
2) прадстаўнік алігархіі 2.
аліга́рхія
(гр. oligarchia = улада нямногіх)
1) гіст. дзяржава, заснаваная на панаванні арыстакратычных вярхоў;
2) палітычнае і эканамічнае панаванне ў краіне невялікай групы прадстаўнікоў буйнога манапалістычнага капіталу; сама гэта група (напр. фінансавая а.).
алігафрэні́я
(фр. oligophrénie, ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + phren = розум)
мед. прыроджанае або набытае ў раннім узросце недаразвіццё разумовых здольнасцей; прыдуркаватасць (параўн. дэменцыя).
алігемі́я
(ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + haima = кроў)
мед. змяншэнне агульнай колькасці крыві ў арганізме (пры крывацёках, згусанні крыві і інш.).
алігуры́я
(ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + uron = мача)
мед. змяншэнне колькасці мачы, што выдзяляецца ныркамі.
алімпія́да
(фр. olympiade, ад гр. Olympias, -ados)
1) міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца раз у чатыры гады па ўзору старажытнагрэчаскіх алімпійскіх гульняў;
2) спаборніцтвы ў спартыўным, тэатральным, інтэлектуальным майстэрстве (напр. гарадская спартыўная а., а. калектываў мастацкай самадзейнасці, а. па матэматыцы).