Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́льма-ма́тэр

(лац. alma mater = літар. маці-карміцелька)

студэнцкая назва універсітэта (ужываецца як ласкальная або жартоўная).

альпа́ры

(іт. al pari = нароўні)

адпаведнасць біржавага (рыначнага) курсу валюты, каштоўных папер іх намінальнай вартасці.

альпіна́рый

(н.-лац. alpinarium, ад лац. alpinus = альпійскі)

участак саду або парку ў выглядзе камяністай горкі, засаджаны высакагорнай расліннасцю.

альпіні́зм

(фр. alpinisme, ад лац. alpinus = альпійскі)

узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні са спартыўнай або пазнавальнай мэтай; высакагорны турызм.

альтруі́зм

(фр. altruisme, ад лац. alter = іншы)

бескарыслівае служэнне людзям, гатоўнасць ахвяраваць для іх сваімі асабістымі інтарэсамі (проціл. эгаізм).

альтруі́ст

(фр. altruiste, ад лац. alter = іншы)

той, хто ў сваёй дзейнасці кіруецца пачуццямі альтруізму (проціл. эгаіст).

альтэрнаты́ва

(фр. alternative, ад лац. alternare = чаргаваць)

1) неабходнасць выбару паміж дзвюма або некалькімі магчымасцямі, якія выключаюць адна другую;

2) кожная з такіх магчымасцей.

а́льфа

(гр. alpha)

першая літара грэчаскага алфавіта;

а. і амега — пачатак і канец, аснова ўсяго.

алья́нс

(фр. alliance)

саюз, аб’яднанне дзяржаў або арганізацый на аснове дагаворных абавязацельстваў (напр. міжнародны кааператыўны а.).

алю́зія

(фр. allusion, ад лац. allusio = жарт, намёк)

стылістычны прыём, калі падзея, якая апісваецца або адбываецца, суадносіцца намёкам з вядомым гістарычным, міфалагічным, літаратурным фактам (напр. цяжкія да знясілення, але марныя намаганні каго-н. характарызуюцца выразам «Сізіфава праца»).