Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тып

(фр. type, ад гр. typos = адбітак, вобраз)

1) узор, мадэль, форма чаго-н. (напр. т. самалёта, т. машыны);

2) біял. адзінка ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы (напр. т. кветкавых раслін, т. членістаногіх);

3) разрад, катэгорыя людзей з характэрнымі агульнымі знешнімі або ўнутранымі рысамі (напр. славянскі т.);

4) літ. абагулены мастацкі вобраз якой-н. групы людзей.

-тып

(гр. typos = адбітак)

другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццямі «адбітак», «друк».

тыпаафсе́т

(ад гр. typos = адбітак + афсет)

палігр. афсетны друк з формаў высокага друку.

тыпа́ж

(фр. typage)

1) сукупнасць тыпаў, узораў, мадэляў (напр. т. самалётаў);

2) сукупнасць прыкмет якога-н. грамадскага разраду, тыпу людзей (напр. сацыяльны т.);

3) акцёр са знешнасцю, што падыходзіць для пэўнай ролі.

тыпалітагра́фія

(ад гр. typos = адбітак + літаграфія)

паліграфічнае прадпрыемства, на якім працэс друкавання выконваецца друкарскім і літаграфскім спосабамі.

тыпало́гія

(ад гр. typos = адбітак, форма + -логія)

навуковы метад, які даследуе ўзаемаадносіны паміж рознымі тыпамі з’яў або прадметаў.

тыпамарфі́зм

(ад тып + -марфізм)

уласцівасць мінералаў змяняць усе або асобныя свае прыкметы (крышталеграфічныя асаблівасці, характар агрэгатаў, афарбоўку, шчыльнасць і інш.) у залежнасці ад умоў утварэння.

тыпаметры́я

(ад гр. typos = адбітак + -метрыя)

друкарская сістэма вымярэння элементаў шрыфту і наборных форм.

тыпіза́цыя

(ад тып)

1) распрацоўка тыпавых канструкцый або тэхналагічных працэсаў на аснове агульных для шэрагу вырабаў (працэсаў) тэхнічных характарыстык;

2) класіфікацыя па тыпах (напр. т. азёр);

3) адбор тыповага і ўвасабленне ў канкрэтных мастацкіх вобразах, формах.

-тыпія

(гр. typos = адбітак)

другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з працэсамі друкавання, паліграфіі.