Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліма́н

(тур., кр.-тат. liman)

мелкаводны марскі заліў, звычайна ў вусцях рэк.

лімана́д

(фр. limonade)

салодкі безалкагольны напітак з сокам лімона ці іншых фруктаў і ягад.

лімані́т

(ням. Limonit, ад гр. leimon = луг, балота)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў гідравокіслаў цёмна-бурага колеру.

лімацы́ды

(ад лац. limax, -acis = слімак, смоўж + caedere = забіваць)

хімічныя рэчывы для знішчэння смаўжоў, якія з’яўляюцца шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

лімб

(лац. limbus = край, кант)

1) плоскае кольца, падзеленае на градусы, у вугламерных прыборах;

2) бачны край дыска Сонца, Месяца, планеты.

лі́мба

(ісп. limbo)

групавы танец, пашыраны сярод насельніцтва вострава Табага (Цэнтр. Амерыка).

лімбургі́т

(ад ням. Limburg = назва гары ў Германіі)

вітрапарфіравая, ультраасноўная магматычная горная парода, складзеная з шклаватага базісу шчолачнага саставу з патэнцыяльнымі нефелінам і палявым шпатам, вылучэннямі алівіну і аўгіту.

лімі́т

(фр. limite, ад лац. limes, itis = мяжа, граніца)

1) норма, у межах якой дазволена карыстацца чым-н., расходаваць што-н.;

2) перан. крайняя мяжа чаго-н. (напр. л. часу).

лімітава́ць

(лац. limitare = абмяжоўваць)

абмяжоўваць, устанаўліваць ліміт.

ліміта́цыя

(лац. limitatio = устанаўленне, вызначэнне)

абмежаванне, устанаўленне ліміту.