Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пертуза́рыя

(н.-лац. pertusaria)

накіпны сумчаты лішайнік сям. пертузарыевых, які трапляецца на кары дрэў, раслінных рэштках, глебе, імхах, радзей на камяністым субстраце.

пертурба́цыя

(лац. perturbatio = расстройства)

1) раптоўнае парушэнне звычайнага, нармальнага ходу чаго-н.;

2) адхіленне ў руху нябеснага цела вакол якога-н. цэнтральнага цела, выкліканае прыцяжэннем іншых нябесных цел.

пертусі́н

(ад лац. pertusus = праходны)

лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца як адхарквальны сродак пры бранхітах, коклюшы і інш.

перфака́рта

(ад лац. perforare = свідраваць + карта)

папяровая або кардонная картка стандартнага памеру і формы, на якую інфармацыя наносіцца перфарацыяй.

перфарава́ць, перфары́раваць

(лац. perforare = свідраваць)

1) прабіваць скразныя адтуліны на папяровай, кардоннай картцы (перфакарце), на фота- або кінастужцы;

2) рабіць шчыліну ў горнай пародзе, аддзяляючы яе частку ад агульнага масіву (напр. п. пласт калійнай солі).

перфара́тар

(лац. perforator = які прабівае, свідруе)

1) апарат, якім прабіваюць скразныя адтуліны на папяровай, кардоннай картцы (перфакарце), на фота- або кінастужцы;

2) машына для бурэння свідравін у горных пародах; бурыльны малаток.

перфарато́рый

(ад лац. perforare = прабіваць, свідраваць)

пярэдняя частка галоўкі сперматазоіда, дзякуючы якой ён пранікае праз абалонку яйца.

перфара́цыя

(лац. perforatio)

1) прабіванне скразных адтулін на папяровай, кардоннай картцы (перфакарце), на фота- або кінастужцы;

2) сістэма спецыяльна прабітых скразных адтулін на чым-н.;

3) пракол, прарыў полага або трубчастага органа цела чалавека або жывёлы.

перфары́раваць

гл. перфараваць.

перфе́кт

(лац. perfectus = закончаны)

адна з форм прошлага часу дзеяслова ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што закончылася ў мінулым, а вынік яго працягваецца цяпер.