Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

салісі́тар

(англ. solicitor)

1) адвакат ніжэйшага рангу ў Англіі, які не мае права весці справы ў вышэйшых судах;

2) спецыяльная юрыдычная пасада пры ўрадах або дэпартаментах некаторых краін.

салі́ст

(іт. solista, ад лац. solus = адзін)

спявак, музыкант ці балетны артыст, які выступае адзін.

салітэ́р

(фр. solitaire, ад лац. solitarius = адзінокі)

1) буйны брыльянт у аправе;

2) адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкаратыўных раслін, якія вызначаюцца памерамі, формай, афарбоўкай і іншымі дэкаратыўнымі прыкметамі.

саліфлю́кцыя

(ад лац. solum = глеба + fluctio = выцяканне)

спаўзанне ўвільготненых гліністых і пылаватых грунтаў грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання.

саліцёры

(фр. solitaire, ад лац. solitarius = адзінокі)

сямейства гельмінтаў класа цэстодаў, паразітуюць у органах і тканках птушак, млекакормячых, чалавека; цэпені.

саліцы́лавы

(ад лац. salix, -icis = вярба + гр. yle = рэчыва);

с-ая кіслата — арганічнае злучэнне, якое выкарыстоўваецца для прыгатавання лекавых рэчываў і фарбавальнікаў.

саліцыла́ты

(ад лац. salix, -icis = вярба + гр. yle = рэчыва)

лекавыя прэпараты саліцылавай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца як процірэўматычныя, болесуцішальныя і гарачкапаніжальныя сродкі.

са́лма

(фін. salmi)

праліў паміж астравамі, паміж востравам і берагам.

сало́л

[ад сал(іцылавая кіслата) + (фен)ол]

злучэнне саліцылавай кіслаты з фенолам, якое выкарыстоўваецца як сродак для дэзінфекцыі пры захворваннях кішэчніка і мачавых шляхоў.

сало́н

(фр. salon)

1) зала спецыяльнага грамадскага прызначэння (для чакання, адпачынку, дэманстрацыі і продажу розных вырабаў, прыёму і абслугоўвання наведвальнікаў, заказчыкаў і інш.);

2) унутранае памяшканне для пасажыраў у аўтобусе, тралейбусе, на параходзе, самалёце;

3) парадная гасціная ў арыстакратычным доме, а таксама літаратурна-мастацкі або палітычны гурток, які збіраўся ў прыватным доме.