Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сі́філіс

[н.-лац. syphilis, ад Syphilus = імя персанажа паэмы іт. урача Д. Фракастора (1478—1553), прысвечанай апісанню гэтай хваробы]

заразная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай спірахетай і праяўляецца ў паражэнні скуры, унутраных органаў, нервовай сістэмы.

сіфілі́тык

(н.-лац. syphiliticus = сіфілітычны)

чалавек, хворы на сіфіліс.

сіфіліты́чны

(н.-лац. syphiliticus)

1) які мае адносіны да сіфілісу, уласцівы сіфілісу (напр. с-ая высыпка);

2) які хварэе на сіфіліс.

сіфіло́ма

(ад сіфіліс + -ома)

інфекцыйная гранулема розных органаў чалавека, што праяўляецца ў познія перыяды сіфілісу.

сіфо́н

(гр. siphon = трубка, помпа)

1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, якая служыць для пералівання вадкасці з адной пасудзіны ў другую;

2) пасудзіна для газіраванай вады і іншых шыпучых напіткаў, якія выліваюцца праз трубку пад ціскам вуглекіслаты;

3) прыстасаванне для павелічэння цягі ў паравознай топцы.

сіцые́з

(н.-лац. sicyos)

травяністая расліна сям. гарбузовых з доўгачаранковым лісцем і буйнымі жаўтавата-белымі кветкамі, пашыраная ў Амерыцы і Аўстраліі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

сіцылія́на

(іт. siciliana = сіцылійская)

1) даўні італьянскі танец;

2) васьмірадковая страфа з дзвюма рыфмамі ў сярэдневяковай італьянскай паэзіі.

сіяні́зм

(ад ст.-яўр. Sion = назва гары ў Іерусаліме)

яўрэйскі рэакцыйны буржуазна-нацыяналістычны рух, які вызначаецца ваяўнічым шавінізмам, расізмам.

скабіе́за

(н.-лац. scabiosa, ад лац. scabiosus = шорсткі)

травяністая расліна сям. варсянкавых з перыстым або рассечаным лісцем і шматлікімі дробнымі кветкамі ў галоўчатых суквеццях, пашыраная пераважна ў Міжземнамор’і, Паўд. Афрыцы і на Далёкім Усходзе; дэкаратыўная, меданосная, фарбавальная.

скабро́зны

(фр. scabreux, -use)

непрыстойны.