Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сільві́н

(н.-лац. sylvin, ад Sylvius = прозвішча гал. урача і хіміка 17 ст.)

мінерал класа хларыдаў, празрысты, бясколерны, падобны да каменнай солі; выкарыстоўваецца для вырабу калійных угнаенняў, розных калійных прэпаратаў.

сільвіні́т

(ад сільвін)

1) асадачная горная парода, у склад якой уваходзяць сільвін, каменная соль і іншыя дамешкі;

2) калійнае ўгнаенне, вырабленае з гэтай пароды.

сі́льф

(фр. sylphe, ад гр. silphe = матылёк)

лёгкая рухавая істота, увасабленне стыхіі паветра ў кельцкай і германскай міфалогіі.

сільфі́ды

(фр. sylphides, ад гр. silphe = матылёк)

сямейства жукоў, якія харчуюцца трупамі жывёл.

сі́льфія

(н.-лац. silphium)

травяністая расліна сям. складанакветных з шорсткім лісцем і жоўтымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў Амерыцы, кармавая і дэкаратыўная.

сільфо́н

(англ. sylphon)

металічная тонкасценная цыліндрычная абалонка з папярочнай гафрыроўкай бакавой паверхні, якая прымяняецца для гібкага злучэння трубаправодаў.

сімані́я

(с.-лац. simonia, ад ст.-яўр. Simon = імя біблейскага вешчуна)

продаж і купля царкоўных пасад, распаўсюджаныя ў сярэднія вякі ў Зах. Еўропе.

сімахі́я

(гр. symmachia = дапамога)

ваенны саюз паміж старажытнагрэчаскімі гарадамі-дзяржавамі.

сімбіе́з

(гр. symbiosis = сумеснае жыццё)

сумеснае існаванне арганізмаў розных відаў, пры якім арганізмы прыносяць карысць адзін аднаму (напр. с. ракаў-самотнікаў з актыніямі); гл. таксама мутуалізм, паразітызм.

сімбіе́нты

(гр. symbion, -ontis = які жыве разам)

арганізмы, якія ўдзельнічаюць у сімбіёзе.