Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

секундако́рд

(ад секунда + акорд)

трэцяе абарачэнне септакорда.

секундаметры́ст

(ад секунда + гр. metreo = мераю)

асоба, якая на спартыўных спаборніцтвах вядзе ўлік часу пры дапамозе секундамера.

секунда́нт

(лац. secundans, -ntis = які садзейнічае, дапамагае)

1) адзін з двух сведак і пасрэднікаў на дуэлі;

2) памочнік удзельніка спартыўнага спаборніцтва (у боксе, шахматах і інш.).

секунда́рны

(лац. secundarius)

другасны.

секу́нд-маёр

(ад лац. secundus = другі + маёр)

афіцэрскае званне ў рускай арміі 18 ст., якое пазней адпавядала званню капітана.

секурыне́га

(н.-лац. securinega, ад лац. securia = сякера + nego = супрацьстаю)

кустовая расліна сям. малачаевых з простым цэльным лісцем і дробнымі зеленавата-жоўтымі кветкамі, пашыраная ў Міжземнамор’і, умераных і субтрапічных абласцях Азіі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі; лекавая; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

се́кцыя1

(лац. sectio = разразанне, раздзяленне)

1) аддзел установы ці арганізацыі з пэўнай спецыялізацыяй (напр. с. прозы, с. абутку ва універмагу);

2) група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады, якая працуе над пэўным колам пытанняў;

3) частка якога-н. збудавання, машыны, канструкцыі (напр. с. трубаправода).

се́кцыя2

(лац. sectio = разразанне, раздзяленне)

мед. анатаміраванне, рассячэнне (напр. с. трупа, с. вены).

селагіне́ла

(н.-лац. selaginella, ад лац. selago = назва расліны)

травяністая расліна класа плывунападобных з чатырохрадна размешчаным лісцем, пашыраная пераважна ў тропіках.

селадо́н

(фр. céladon, ад Celadon = імя героя рамана фр. пісьменніка 17 ст. д’Юрфэ «Астрэя»)

1) уст. аматар заляцацца да жанчын;

2) від фарфоравых вырабаў з шаравата-зеленаватым глазураваннем.