метр1
(фр. metre, ад гр. metron = мера)
1) адзінка даўжыні ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная 1650763,73 даўжыні хвалі ў вакууме выпрамянення, якая адпавядае пераходу паміж пэўнымі ўзроўнямі атама крыптону 86;
2) лінейка такой даўжыні з нанесенымі на яе дзяленнямі ў сантыметрах.
метр2
(гр. metron = мера)
1) вершаваны памер;
2) раўнамернасць чаргавання моцных і слабых долей у музычным такце; сістэма арганізацыі рытму.
-метр
(гр. metreo = вымяраю)
другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «вымяральны прыбор», «адзінка даўжыні ў метрычнай сістэме», «вымяральнік».
метра́ж
(фр. métrage)
велічыня (даўжыня або плошча) чаго-н., выражаная ў метрах.
метрало́гія
(ад гр. metron = мера + -логія)
навука аб сістэмах мер і вагі.
метрано́м
(ад гр. metron = мера + ном2)
прылада з маятнікам, якая гукавымі сігналамі адзначае кароткія прамежкі часу.
метранпа́ж
(фр. metteur en pages = складальнік старонак)
работнік друкарні, які вярстае набор.
метрапалітэ́н
(фр. métropolitain = сталічны, ад гр. metropolis = галоўны горад, сталіца)
гарадская падземная электрычная чыгунка.
метрапа́тыя
(ад гр. metra = матка + -патыя)
узмацненне матачных крывацёкаў без выразных хваравітых змяненняў у палавых органах, назіраецца ў юным узросце і ў час клімаксу.
метрапо́лія
(лац. metropolis < гр. metropolis, ад meter = маці + polis = горад)
1) старажытнагрэчаскі горад-дзяржава (поліс) у адносінах да заснаваных ім калоній на тэрыторыі іншых краін;
2) дзяржава ў адносінах да калоній, якімі яна ўладае.