Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падзіша́х

(тур. pādišāh, ад перс. pādšah)

тытул манарха ў некаторых усходніх краінах, напр. у Асманскай імперыі.

падэба́ск

(фр. pas de basque = літар. рух баскаў)

вельмі пашыраны танцавальны рух у выглядзе нечаканай перамены ног у скачку з наступным пераступаннем.

падэгра́с

(фр. pas de grace)

парны бальны танец са спакойнымі прыгожымі рухамі, пашыраны ў Еўропе ў 19 ст.

падэка́тр

(фр. pas de quatre = літар. танец учацвярых)

1) парны бальны танец, які складаецца з па вальса і плаўных крокаў, а таксама музыка да яго;

2) танец для чатырох выканаўцаў у балеце.

падэпатыне́р

(фр. pas de patineur = танец канькабежца)

парны бальны танец, што складаецца з плаўных рухаў, якія імітуюць бег канькабежцаў.

падэспа́нь

(фр. pas d’Espagne = іспанскі танец)

парны бальны танец, у якім выкарыстоўваюцца элементы характэрна-сцэнічнага іспанскага танца, а таксама музыка да яго.

падэ́ста

(іт. podesta, ад лац. potestas = улада)

1) вышэйшая адміністрацыйная асоба, галава выканаўчай і судовай улады ў гарадах-рэспубліках Італіі 12—16 ст.;

2) вышэйшая адміністрацыйная пасада ў гарадах Італіі ў 1926—1948 гг.

паёл

(фр. payol)

драўляны насціл у труме грузавога марскога судна.

паж

(фр. page)

1) хлопчык з дваран, які ў якасці асабістага слугі буйнога феадала або караля рыхтаваўся да звання рыцара (у сярэдневяковай Еўропе);

2) выхаванец Пажскага корпуса (ваенна-навучальнай установы для дваранскіх дзяцей) у царскай Расіі.

пазёр

(фр. poseur)

чалавек, які клапоціцца аб знешнім эфекце сваіх паводзін, прымае позу, рысуецца.