Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыклі́ній

(лац. triclinium, ад гр. triklinon)

абедзенны стол з ложамі з трох бакоў для ляжання ў час яды, а таксама сталовая ў старажытнарымскім доме.

трыклі́нны

(ад гр. tri = трох + klino = нахіляю);

т-ая сістэма — адна з крышталеграфічных сістэм, якая аб’ядноўвае два віды сіметрыі.

трыко́

(фр. tricot)

1) шарсцяная, паўшарсцяная або баваўняная тканіна з узорным пляценнем для верхняга адзення;

2) трыкатажнае адзенне, якое шчыльна аблягае цела (напр. гімнастычнае т.).

трыктра́к

(фр. trictrac)

гульня, у якой двое гульцоў перасоўваюць па дошцы шашкі насустрач адзін другому адпаведна ачкам, што выпалі на падкідным кубіку.

трылабі́ты

(н.-лац. trilobita, ад гр. tri = трох + lobos = частка)

клас вымерлых марскіх членістаногіх з целам, пакрытым панцырам, якія жылі ў палеазоі.

трылатэра́цыя

(ад гр. tri = трох + лац. lateralis = бакавы)

метад вызначэння апорных геадэзічных пунктаў, які заключаецца ў пабудове на мясцовасці сеткі паслядоўна звязаных паміж сабой трохвугольнікаў і вымярэнні ў кожным з іх усіх трох старон.

трыле́ма

(ад гр. tri = трох + lemma = падстава)

лог. 1) суджэнне, у якім прадмету прыпісваюцца тры прыкметы, што выключаюць адна адну;

2) від сілагізма, калі ўмоўная пасылка прадугледжвае залежнасць ад асновы не аднаго, а трох заключэнняў, якія выключаюць адно аднаго.

тры́лер

(ад англ. trill = хваляванне)

кніга, радыё- або тэлеперадача, кінафільм, мэта якіх зрабіць эфект моцнага хвалявання, страху.

трыло́гія

(гр. trilogia)

тры літаратурныя або музычныя творы аднаго аўтара, звязаныя адзінствам задумы і пераемнасцю зместу.

трыльён

(фр. trillion)

лік (і колькасць), роўны тысячы мільярдаў, які на пісьме перадаецца як адзінка з 12 нулямі.