Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пальмелацы́сціс

(н.-лац. palmellocystis)

каланіяльная зялёная водарасць сям. пальмелавых, якая трапляецца ў прэсных і саланаватых водах у планктоне, сярод абрастанняў і скопішчаў водарасцей.

пальмело́псіс

(н.-лац. palmellopsis)

каланіяльная зялёная водарасць сям. пальмелопсідавых, якая трапляецца ў планктоне і бентасе рыбагадоўчых сажалак, невялікіх лужын, зрэдку ў азёрах.

пальме́ры

(н.-лац. palmeri)

рыба атрада карпападобных, якая водзіцца ў вадаёмах Калумбіі; вядома як акварыумная.

пальме́та

(фр. palmette)

1) архітэктурнае аздабленне ў выглядзе стылізаванага веерападобнага ліста пальмы;

2) пладовы сад з дрэў, кроны якіх сплюшчаны з боку міжраддзяў і самкнуты ў напрамку рада, а асноўныя галіны дрэў размешчаны ў адной вертыкальнай плоскасці.

пальмі́ра

(ар. Palmira = назва старажытнасірыйскага горада)

1) паэтычная назва гарадоў, архітэктура якіх уражвае раскошай і манументальнасцю;

2) веералістая пальма, пашыраная ў трапічнай Азіі і Афрыцы; дае цукар, віно, спірт, воцат, паперу, драўніну;

3) адна з гарнітур друкарскіх шрыфтоў.

пальміці́н

(ад лац. palmes, -mitis = пальмавая галінка)

арганічнае злучэнне, якое ўваходзіць у склад пальмавага алею і іншых тлушчаў ужываецца для вырабу мыла і свечак.

па́льмы

(н.-лац. palmae)

сямейства вечназялёных дрэвавых або кустовых паўднёвых раслін класа аднадольных з буйным перыстым або веерападобным лісцем і мяцёлчатымі або коласападобнымі суквеццямі; даюць ядомыя плады (фінікі, арэхі, какосы), алей, цукар, віно, спірт, раслінны воск, каштоўную драўніну; некаторыя (напр. сагавая, алейная, фінікавая, какосавая) аб’ект трапічнага земляробства; многія вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

пальпа́цыя

(лац. palpatio = абмацванне)

мед. метад абследавання хворага шляхам абмацвання пальцамі або далонямі рук.

пальпта́цыя

(лац. palpitatio = біццё)

мед. узмацненне біцця сэрца.

па́льпы

(ад лац. palpare = гладзіць, абмацваць)

1) прыдаткі прастоміума кольчатых чарвей, якія выконваюць функцыю органаў дотыку і нюху;

2) прыдаткі каўнерыка хабатка кляшчоў.