Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брадыкарды́я

(ад гр. bradys = павольны + -кардыя)

мед. запаволены рытм сардэчных скарачэнняў.

брадыкінезі́я

(ад гр. bradys = павольны + -кінезія)

запавольванне актыўных і ўзгодненых рухаў чалавека або пазваночных жывёл, якое можа суправаджацца значным павышэннем мышачнага тонусу.

брадытэлі́я

(ад гр. bradys = павольны + telos = завяршэнне, вынік)

павольны тэмп эвалюцыйнага працэсу, уласцівы некаторым групам арганізмаў, напр. пласціністажабравым малюскам (параўн. гартэлія, тахітэлія).

бразе́нія

(н.-лац. brasenia)

водная расліна сям. кабомбавых парадку гарлачыкавых, пашыраная ў Азіі, Аўстраліі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы.

бра́йлеўскі

[ад фр. L. Braille = прозвішча фр. тыфлапедагога (1809—1852)];

б. шрыфт — рэльефна-кропкавы шрыфт для сляпых, распрацаваны Л. Брайлем.

брак

(польск. brak, ад ням. Brack)

1) недабраякасны тавар, прадметы вытворчасці, якія маюць тую ці іншую загану;

2) нястача, недахоп чаго-н.

бракава́ць

(польск. brakować)

1) прызнаваць непрыгодным, недабраякасным;

2) неставаць, не хапаць, быць у недастатковай колькасці.

бракані́ды

(н.-лац. braconidae)

сямейства насякомых атрада перапончатакрылых; знешнія і ўнутраныя паразіты лічынак іншых насякомых; некаторыя віды выкарыстоўваюцца для біялагічнай барацьбы са шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

браканье́р

(фр. braconnier)

той, хто займаецца паляваннем або рыбнай лоўляй у недазволеным месцы, у забароненыя тэрміны ці забароненымі спосабамі.

брака́т

(ням. Brokat = парча, ад іт. brocatto, ад лац. brocchus = выпуклы)

шаўковая тканіна, затканая або вышытая золатам ці серабром.