колераме́трыя
(ад колер + -метрыя)
метад колькаснага вызначэння колеру (яго тону, яркасці).
ко́леус
(н.-лац. coleus, ад гр. koleos = ножны)
травяністая расліна сям. ясноткавых з цёмна-чырвоным лісцем і блакітнымі або ліловымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў тропіках і субтропіках; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
ко́лі
(англ. collie)
парода службовых сабак; шатландская аўчарка.
ко́лібактэрыёз
(ад гр. kolon = тоўстая кішка + бактэрыёз)
інфекцыйнае захворванне нованароджанага маладняку сельскагаспадарчых жывёл і пушных звяроў, якое выклікаецца патагеннымі сератыпамі кішэчнай палачкі.
ко́лікі
(гр. kolike = кішачная хвароба)
рэзкі, востры боль, што ўзнікае пераважна пры захворваннях органаў стрававальнай сістэмы.
ко́лхікум
(н.-лац. colchicum, ад гр. kolchikon)
травяністая расліна сям. лілейных з падоўжаным лісцем і буйнымі лілова-ружовымі кветкамі, пашыраная ва ўмераных і субтрапічных зонах; змяшчае алкалоід калхіцын, што выкарыстоўваецца ў медыцыне; пазнацвет.
кольт
[англ. colt, ад S. Colt = прозвішча амер. збройніка (1814—1862)]
рэвальвер або пісталет асобай сістэмы.
ко́ма1
(н.-лац. coma, ад гр. koma = глыбокі сон)
мед. выключна цяжкі паталагічны стан арганізма са стратай прытомнасці, парушэннем кровазвароту, дыхання, працэсу абмену.
ко́ма2
(гр. kome = валасы)
1) фіз. адно са скажэнняў адлюстраванняў, якое ўтвараецца аптычнымі сістэмамі ў выглядзе плямы;
2) астр. газавая туманная абалонка ядра каметы, якая разам з ім утварае галаву каметы.
ко́ма3
(гр. komma = адрэзак)
муз. невялікі (меншы за 1/8 тона) інтэрвал паміж двума гукамі.