Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кі́рха

(ням. Kirche = царква)

лютэранскі храм.

кірхнерые́ла

(н.-лац. Kirchneriella)

каланіяльная зялёная водарасць сям. сцэнадэсмавых, якая пашырана ў прэсных вадаёмах.

кірэна́ікі

(гр. kyrenaikoi, ад Kyrena = назва горада ў Стараж. Грэцыі)

старажытнагрэчаская філасофская школа, заснаваная ў 4 ст. да н.э. Арыстыпам з Кірэны; развівала прынцыпы вучэння Сакрата ў напрамку паслядоўнага геданізму.

кісе́т

(рус. кисет, ад перс. kisä = кашалёк)

тое, што і капшук.

кіста́

(гр. kystis = пузыр)

полая пухліна ў органах і тканках чалавека і жывёл, напоўненая вадкай масай.

кісце́нь

(тат. kistän = кій)

даўнейшая зброя ў выглядзе кароткай палкі з металічнай гірай на адным канцы і пятлёй на другім.

кісяя́

(рус. кісея, ад тур. käsi = раскроеная матэрыя)

тонкая празрыстая баваўняная тканіна.

кіт1

(гр. ketos)

1) вялікая марская млекакормячая жывёліна;

2) перан. адна з галоўных асоб у якой-н. справе (напр. кіты сучаснай фізікі).

кіт2

(польск. kit, ад ням. Kitt)

вязкае рэчыва для замазвання шчылін паміж шыбамі і рамай у вокнах.

кіта́б

(ар. kitab)

рэлігійная кніга, напісаная на беларускай мове арабскім пісьмом; ствараліся татарамі, якія пасяляліся на Беларусі з 14 ст.