Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кі́па

(польск. kipa, ад ням. Кіере)

1) стос якіх-н. прадметаў (напр. к. газет);

2) упаковачная мера сыравіны (напр. к. пянькі).

кіпары́с

(гр. kyparissos)

вечназялёнае хвойнае дрэва сям. кіпарысавых, пашыранае ва ўмерана цёплых зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Паўн. Афрыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае.

кіпрэ́гель

(ням. Kippregel, ад kippen = перакідаць + Regel = лінейка)

геадэзічны вугламерны інструмент, які прымяняецца разам з мензулай для тапаграфічных здымкаў на мясцовасці.

кі́пу

(кечуа kipu = вузел)

вузельчыкавае пісьмо старажытных народаў Паўд. Амерыкі; уяўляла сабой вяроўку з прывязанымі каляровымі матузамі (колькасць і форма вузельчыкаў на іх мелі пэўны ўмоўны сэнс).

кірава́ць

(польск. kierować, ад ням. kehren)

1) рэгуляваць рух, работу чаго-н. з дапамогай прыбораў, рычагоў і інш.;

2) рабіць уплыў на ход якога-н. працэсу;

3) быць на чале, накіроўваць дзейнасць каго-н., чаго-н.

кіра́са

(фр. cuirasse)

металічныя латы, якія даўней надзявалі кавалерысты на грудзі і спіну для засцярогі ад халоднай і агнястрэльнай зброі.

кірасі́р

(фр. cuirassier)

коннік цяжкай кавалерыі ў еўрапейскіх арміях 17 — пач. 20 ст. (насіў кірасу і каску).

кі́рза

(ням. Kirsei, ад англ. kersey)

шматслойная баваўняная тканіна, насычаная асобым саставам для засцярогі ад вільгаці; выкарыстоўваецца як заменнік скуры.

кірма́ш

(польск. kiermasz, ад ням. Kirchmesse)

1) святочны базар, які даўней рабіўся звычайна ў пэўную пару года і суправаджаўся народным гуляннем, забавамі;

2) перыядычны масавы продаж тавараў, звычайна ў пэўным месцы (напр. пераднавагодні к.);

3) перан. шумнае зборышча (напр. птушыны к.).

кіру́нак

(польск. kierunek, ад с.в.ням. kêrunge)

1) лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; напрамак;

2) перан. шлях развіцця, накіраванасць якога-н. дзеяння, з’явы;

3) грамадская, навуковая, літаратурная або іншая плынь, групоўка.