Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пляба́нія

(с.-лац. plebania, ад лац. plebs = народ)

1) парафія, якой кіруе плябан; пасада плябана;

2) дом, які належыць парафіі і ў якім жыве плябан.

пля́га

(польск. plaga, ад лац. plaga = ударэнне)

1) дажджлівае надвор’е, слота;

2) няшчасце, бяда.

пляж

(фр. plage)

пясчаны або жвірысты бераг на беразе мора, возера, ракі, на якім загараюць у час купальнага сезону.

пля́йферы

(н.-лац. playfairi)

рыба атрада карпазубых, якая пашырана ў вадаёмах Усх. Афрыкі, Сейшэльскіх астравоў і Мадагаскара; разводзіцца як акварыумная.

пляц

(польск. plac, ад ням. Platz)

1) участак зямлі пад сядзібай;

2) незабудаваная тэрыторыя ў горадзе, прызначаная для якой-н. мэты, плошча (напр. рыначны п.).

пне́ўма

(гр. pneuma = дыханне)

сіла, якая рэгулюе дыханне і пульс (у старажытнагрэчаскай натурфіласофіі і медыцыне).

пнеўмааўтама́тыка

(ад гр. pneuma = дыханне + аўтаматыка)

раздзел аўтаматыкі, які распрацоўвае і прымяняе сродкі аўтаматычнага рэгулявання (кіравання), дзе перадача сігналаў ажыццяўляецца пры дапамозе сціснутага паветра.

пнеўмагра́ма

(ад гр. pneumon = лёгкае + -грама)

графічны паказ дыхальных рухаў грудной клеткі, якія характарызуюць работу лёгкіх (параўн. кардыяграма).

пнеўмагра́фія

(ад гр. pneuma = дыханне + -графія)

запіс дыхальных рухаў грудной клеткі пнеўмографам (гл. таксама спіраграфія).

пнеўмаканіёзы

(ад гр. pneumon = лёгкія + konia = пыл)

група прафесійных захворванняў лёгкіх, абумоўленых працяглым удыханнем вытворчага пылу (напр. антракоз, бісіноз, сілікоз).