Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́нза

(ням. Linse = літар. чачавіца)

1) выпуклае або ўвагнутае аптычнае шкло (напр. л. тэлескопа);

2) геал. форма залягання горных парод, якая нагадвае дваякавыпуклую лінзу.

лініме́нты

(ад лац. linere = мазаць, націраць)

лячэбныя мазі, прызначаныя для націрання.

ліні́фіі

(н.-лац. linyphia)

павук сям. лініфіідаў, які жыве ў лясах на кустах, траве.

ліні́фііды

(н.-лац. linyphiidae)

сямейства павукоў шэрай, жоўтай ці белай афарбоўкі, часта з цёмным малюнкам, якое ў сусветнай фауне налічвае каля 800 відаў; жывуць у ніжніх ярусах лесу, у лясным подсціле, у высокім травяністым покрыве.

лі́нія

(польск. linia, ад лац. linea)

1) граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню, а таксама ўяўная рыса, якая злучае дзве кропкі (напр. прамая л., ломаная л.);

2) паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго-н. (напр. берагавая л.);

3) абрыс, контур чаго-н.;

4) доўгі рад прадметаў, з’яў (напр. л. акопаў);

5) шлях зносін, які звязвае два пункты (напр. чыгуначная л.);

6) сістэма прыстасаванняў для перадачы сігналаў, электраэнергіі (напр. тэлефонная л.);

7) паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі;

8) перан. напрамак дзеянняў, думак (напр. л. паводзін).

лі́нкас

[ад лац. lin(gua) cos(mica) = касмічная мова]

штучная мова для магчымай сувязі з іншапланетнымі цывілізацыямі.

лінкру́ст

(ад лац. linum = палатно + crusta = кара)

тоўстая папера ці кардон, пакрытыя тонкім слоем пластмасы, з гладкім або рэльефным малюнкам; выкарыстоўваецца для абіўкі сцен.

ліно́леум

(англ. linoleum, ад лац. linum = палатно + oleum = алей)

тоўстая цвёрдая тканіна, пакрытая непрамакальным саставам, якая ўжываецца для пакрыцця падлогі.

ліно́н

(фр. linon, ад lin <лац. linum = лён)

тонкая льняная выбеленая тканіна.

лінч

[англ. lynch = распраўляцца самасудам, ад C. Lynch = прозвішча амер. палкоўніка-расіста (1736—1796)]

самасуд, расправа без следства над неграмі і палітычнымі дзеячамі ў ЗША; суд Лінча.