Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).
Арыента́льны. З 1599 (Жураўскі, Працы IM, 7, 214; Гіст. лекс., 113) з лац. orientalis ’тс’ ад Oriens усход’. Сучаснае літаратурнае беларускае слова, магчыма, паўторна запазычана праз рус. ориентальный, дзе з 1705 орьентальный праз польскую (Фасмер, 3, 152). Параўн. арыгінал, арыентацыя.
Арыента́цыя. У сучаснай форме замацавалася пад рускім уплывам; раней зафіксавана форма оръентацыя, якая адлюстроўвае, магчыма, польскі ўплыў (Яруш.). Крыніцай слова, аформленага на славянскі лад, з’яўляецца франц. orientation ’тс’.
Ары́к ’абвадняльная канава ў Сярэдняй Азіі’. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 74), дзе ў XIX ст. з цюркскай, хутчэй за інш. — з узб. ариķ ’арык; баразна’, аб чым Дзмітрыеў, Строй, 510, 523; Супрун, Этимология, 1967, 96. Пра цюркскае паходжанне беларускага слова пісалі Булахаў, Курс сум., 161; Юргелевіч, Курс, 137.
Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.
А́рышт (БРС), а́рэшт выгук — ’хопіць!’, арэ́шт ’затрыманне, забарона’ (Нас.). Арыштава́ць (БРС), арэштава́ць (Нас.), ст.-бел. арештовати (XVI ст. — Гіст. мовы, 1, 250). З польскай, дзе ў XVI ст. праз нямецкую ці чэшскую або непасрэдна з сярэдневяковай лацінскай arrestum (Брукнер, 6) ад arrestare ’затрымаць’ (Курс суч., 164). Пра няўстойлівасць форм з с/ш у арестъ, арештъ пісаў Булыка (Весці АН БССР, 1970, 6, 118). Пераход е > ы адбыўся ў складзе, не падмацаваным націскам.
Арышта́нт. З рус. ареста́нт, дастасаванага да бел. а́рышт. Параўн. таксама дыял. формы рашта́нт, рышта́нт, (а)рыштанец, раштанцюга, раштанскі (ЭШ, Янк. III) з фанетычным усячэннем пачатковага а‑, вядомыя і ў рускіх гаворках. Рус. арестант з французскай (Шанскі, 1, А, 140) ці нямецкай (Фасмер, 1, 85), адзначаецца ў 1704 (значэнне ’затрыманы’, а не ’той, хто затрымлівае’, у нямецкай пашыраецца ў XVIII ст., Клюге, 42).
А́рыя. З рус. а́рия < іт. aria; у рускай мове з пачатку XVIII ст. (Фасмер, 1, 86). На італьянскую крыніцу беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 170, на рускае пасрэдніцтва — Крукоўскі, Уплыў, 84; Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Біржакава, 343.