Ара́б ’асоба арабскай нацыянальнасці’ (БРС). Паводле Фасмера, 1, 82, Саднік–Айцэтмюлера, 1, 25, з французскай ці нямецкай мовы. Вядома ў старабеларускай мове з пачатку XVI ст. арабьский, канца XVI ст. араб. Магчыма, усходняе (праз цюркскія) паходжанне слова ва ўсходнеславянскіх мовах, гл. арап. Супрун, Зб. Крымскаму, 124.
Ара́ва ’мноства людзей (жывёл)’ (Інстр. III, Сцяшк., Бяльк.). Рус. орава, арава ’тс’, укр. орава, арава ’тс’. Коканаў (ИОРЯ, 1966, 3, 228), абвяргаючы цюркскае паходжанне, дапускаў угра-фінскае, комі-зыранскае, але ніякіх дакладных пацверджанняў крыніцы няма. Фасмер, 3, 147 (услед за Патабнёй паводле Гараева), звязвае з реветь. КЭСРЯ, Трубачоў (Фасмер, 3, 147) за Унбегаунам, BSL, 52, 173, і Міклашычам звязваюць гэта слова з ора‑ть ’крычаць’. Пераканаўчае рашэнне дае Варбот (РР, 3, 1974, 100–103), якая звязвае слова з кашуб. orava ’талака падчас ворыва’ і ўзводзіць слова да араць (гл.).
Ара́ла ’кол з дротам’ («Полымя», 1971, 10, 39); ра́лы ’раздвоены ствол дрэва’ (Янк. Мат.). Верагодна, пераасэнсаванае слова *орало ’саха’ ад араць (гл.) з суфіксам ‑ло.
Арама́т. Рус., укр. арома́т. Ст.-бел. ароматъ, ароматы (у друк. кн. XVII ст., Гіст. мовы, 1, 298), ст.-рус. ароматъ з ст.-слав. (толькі мн. л.!), ароматы < грэч. ἄρωμα, мн. л. ἀρώματα, родны скл. мн. л. ἀρωμάτων. Стараславянская форма адлюстроўвае грэч. мн. л. Паколькі ўжо ў Лексісе Зізанія арома́ты, націск, магчыма, выводзіць з грэч. ускосных форм, а не з франц. Параўн. Шанскі, 1, А, 146. Аб грэчаскай крыніцы бел. арамат гл. Булахаў, Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 127; Гіст. лекс., 122.
Ара́нжавы. Рус. оранжевый, укр. оранжевий. Беларускае з рускай, дзе ў XVIII ст. утворана на базе франц. orange ’апельсін’ (магчыма, паводле Фасмера, 3, 148, з ням. Orange) > оранж (1715); аранжарэя (з рус. оранжерея, Крукоўскі, Уплыў, 78). Франц., ням. словы канчаткова ўзыходзяць да перс. näräng (магчыма, з санскр.). Локач, 125.
Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.