Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Арта́й, ’араты’ (Сцяшк., Жд.). З літ. artójas (Мартынаў, Лекс. балтызмы, 17; параўн. думку Атрэмбскага пра аналагічнае паходжанне ўкр. ортай, Фрэнкель, 17).

А́ртус ’пасвячоны пасхальны хлеб’ (Рам.). Рус. артос, дыял. артус, укр. артус ’тс’. Ст.-рус. артусъ з XII ст. з грэч. ἄρτος ’хлеб’, уласна ’прыгатаванае’ ад ἀρτύω ’рыхтую’ (Фасмер, 1, 89). Параўн. аркуш2.

Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).

Артыле́рыя. У XIX ст. (Гіст. лекс., 245) ці пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 148) з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 82; Курс. суч., 166), дзе з 1695 (Шанскі, 1, А, 149–150; Фасмер, 1, 89). Яшчэ Тацішчаў лічыў, што гэта слова з польскай ці лацінскай (Вінаградаў, Очерки, 58). Магчыма, што слова было вядома ў беларускай і раней XIX ст.; у польскай мове яно з’явілася не раней XVII ст., як і ў нямецкай. Крыніцай польскага слова магло быць франц. artillerie (SWO). На іншыя магчымыя крыніцы рускага і польскага слоў указвае Біржакава, 102, у сувязі з рознымі фанетычнымі варыянтамі рускага слова ў канцы XVII — пачатку XVIII ст.

Арты́ст. У XIX ст. з польск. artystaбел. артыста ’мастак’ (Нас.), адкуль такія словы, як артызм (Гіст. мовы, 2, 240). Пад рускім уплывам у XX ст. усякаецца ‑а на канцы слова і замацоўваецца сучаснае значэнне. Рус. артист (з XVIII ст. — Шанскі, 1, А, 150) з франц. artiste (Будагаў, История слов в истории общества, 77).

Артэ́па, артэ́пель ’топкае месца’ (Касп.). Няясна. Фанетыка (тэ) быццам бы ўказвае на запазычанне, але ў пскоўскіх гаворках адзначана арте́п ’канава’ (?), артёпина ’балота’, арте́пь. Таму, магчыма, трэба звязаць з рус. дыял. вертеп вялікі яр з непраходным лесам, кустаўём’, ’варонка, у якую ўваходзіць балотная вада’, вертепижина ’калдобіна’, укр. прыкарп. вертеп ’шчыліна паміж гарамі; яма; балка’, вартеп, гартопе, гертоба (Клепікава, Карпат, диал. оном., 52–93, дзе гл. агляд этымалогій і літаратуры пра вертеп), ст.-слав. въртъпъ ’пячора’, балг. въртоп ’вадаварот’, да якіх адносіцца і прыведзенае Яшкіным слаўг. вярцеп ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (аб рус. вертеп гл. арт. Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 28–40). Гл. вярцеп.