Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Арэ́далы, рэ́далі (Касп.), рэ́даль (міёр., Хр. дыял., 335) ’вялікі воз для сена’. З літ. rẽdelė ’драбіны на возе’ ці лат. redele(s) ’драбіны, скрыня на возе’, redeļi ’драбіны на возе, краты’, параўн. лат. redelnieki ’воз’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 501). Параўн. эст. redel ’драбіны (не толькі на возе), краты’. Лат. і літ. словы Эндзелін і Фрэнкель (712) лічаць запазычанымі з н.-ням. Reddel, якое Фрэнкель лічыць утвораным у выніку метатэзы з н.-ням. ledder ’драбіны’. Паводле Вігета (Sitzimgsber. d. gel. estn. Ges., 1927, 273), эстонскае слова належыць да фіна-угорскай лексікі і мае паралелі ў іншых фіна-угорскіх мовах; гэту думку Эндзелін прывёў у дадатках да свайго слоўніка, што падтрымлівае П. Арыета (вусна на канферэнцыі ў гонар 100‑годдзя Я. Эндзеліна, Рыга, люты, 1973). Параўн. у рускіх гаворках Эстоніі редель ’драбіны; прылада для сушкі сена’, пск. редели яслі’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 39–40.

Арэле́зіць ’абразіць’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, памылка перапісвання: а(б)рэмізіць?

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Арэ́нда, у XIX ст. часта арандар ’гаспадар гасцініцы, шынкар’. Гэта значэнне з’явілася з ранда́ ’карчма’ (XIX ст. — Шакун, Тр. БГУ, 1958, 114) у выніку пераасэнсавання арэнда: корчмы даваліся ў арэнду. Параўн. таксама дыял. рэнда ’арэндная плата’ (Бяльк.) і пад. У старабеларускіх помніках з XVI ст. аренда, арендаръ (Гіст. мовы, 1, 249, 255), арендовати (Гіст. лекс., 111). Укр. з XVI ст. аренда, цяпер оренда, рус. з XVII ст. аренда ’тс’. Польск. з XVI ст. arenda і arendarz. З с.-вяк. лац. arrenda ’гадавая плата’ магчыма, але неабавязкова праз польскую, бо ў польскай з’яўляецца адначасова з бел. Вясноў, Бел. лекс., 35; Булахаў, Курс. суч., 164; Паўтарак, Бел. лекс., 135. Рускае праз польскую (Фасмер, 1, 85) ці праз беларускую, украінскую.

*Арэ́ннік, оре́нник ’аер’ (Бейл.). Магчыма, фанетычна-словаўтваральны варыянт слова аер, ернік (Выгонная, Тэз. малад. вуч., 27), арэй, ірны корань (Кіс.), напр., з аернік у выніку метатэзы. Гл. аер. Параўн. літ. дыял. arìlas, arìlis ’аер’ пры літар. ãjeras.

Арэ́птам ’раптоўна, нахабна, нястрымна’ (Янк. Мат.). Магчыма, у выніку кантамінацыі раптам з рус. рети́вый ці літ. répti ’хапаць’ або ў выніку нерэгулярных фанетычных змен. Пачатковае а‑ пратэтычнае.

Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Арэ́хаўка ’птушка Nucifraga caryocatactes’. Назва па сувязі з выкарыстаннем арэхаў у ежу і іх хаваннем у зямлю (БелСЭ). Параўн. паралельную рускую назву: кедровка. Булахоўскі, ВСЯ 1, 1948, 164.

Арэ́хва жалезнае колца для замацавання касы’ (Выг., дыс., 6), арэ́хаўка ’тс’ (ДАБМ, 832). Гл. рэхва.