Арцабніца, арцабо́вая посцілка (Бір. дыс.). Назва посцілкі па знешняму выгляду нагадвае шахматную (шашачную) дошку: у клетку; параўн. у Насовіча арца́бніца ’шашачніца са скрынкай’.
Арца́бы ’шашкі’ (Нас.). Гл. варцабы.
Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артіл ’быць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.
Арцімо́с, арцімо́н, арці́мус, анцю́х, анці́л ’блін’ (Рам.). Словы аргатычнага характару, хутчэй за ўсё — скажэнні артос, артус (гл. апошняе), магчыма, з семінарскіх арго.
Арцукі́ ’бульба адвараная’ (Сцяшк.). З ням. дыял. êrtšok ’бульба’, магчыма, праз літ. ė́rčiukas ’тс’ (слова ўжывалася ў XIX ст. — LKŽ). У нямецкім слове, напэўна, адлюстравалася ўзаемадзеянне з Artischocke ’артышок, якое дало другую частку, і Erde ’зямля’, адкуль першая частка. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 83.
А́рцы- ’звыш-’. Прэфіксальны элемент. З польск. arcy‑ у якой праз лацінскую з грэчаскай, якая дала архі- (гл.). Брукнер, 6. Побач з выкарыстаннем прэфікса ў запазычаных словах (арцыбіскуп) можна прывесці і ўласна беларускія ўтварэнні з ім: арцыплут (Нас.).