Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артіл ’быць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)