Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Арля́к ’гатунак папараці, Pteridium aquilinum’. Рус., укр. орляк. Назвы папараці і ў іншых народаў звязваюцца з паняццем птушак, крылляў: параўн. лацінскую назву, славац. kapraď orličí, чэш. křídlatěnec (Махэк, Jména rostl., 33), таму, магчыма, гэта не пераклад лацінскай назвы, а самастойнае ўтварэнне паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушкі; не выключана таксама калька.

Арля́нка ’гульня, у ходзе якой падкідваецца манета і выйграе той, каму манета выпадае гербам’ (БРС). Рус., укр. орлянка. Паралельна з інш. усходнеславянскімі мовамі ўтворана на базе значэння арол ’герб на манеце’ (першапачаткова з малюнкам арла).