Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)