Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Архалу́к ’лёгкі кафтан’ (Грыг.). З рускай, дзе ў пач. XIX ст. з цюркскай; па фанетычных матывах, паводле Дзмітрыева, Строй, 522, — з азербайджанскай. Шанскі, 1, А, 152; Фасмер, 1, 90.

Арха́нгел (БРС), арха́ний (Мядзв.). З стараславянскай у старарускую, адкуль перайшло ў старабеларускую (Гіст. лекс., 121). У стараславянскай з грэчаскай ἀρχάγγελος ’старшы анёл’ (Фасмер, 1, 90).

Арха́равец. З рускай мовы, дзе ўтворана ад прозвішча маскоўскага генерал-губернатара пач. XIX ст. Архарава, слова пачаткова азначала ’паліцэйскі’, а потым перайшло на шалапутнага чалавека. Фасмер, 1, 90; Шанскі, 1, А, 152; у апошнім указваецца на рускую крыніцу беларускага слова.

Архіра́сты. Слова зафіксавана ў песні (Вілен. губ.) Карскім, РФВ, XXI, 259: «Адзин на булану, други на каштану, трэйци на мышитым, сам архирасты». Верагодна, лакальнае, а магчыма, і эпізадычнае запазычанне з літ. arklaraištis ’прывязаны да каня вяроўкай’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 40–42.

Архірэ́й ’старшы свяшчэннік (іерэй)’. Ст.-рус. архиерей з ст.-слав. архиереи < грэч. ἀρχιερεύς ’тс’. Фасмер, 1, 91.

Архітэ́ктар. Слова адзначаецца ўжо ў Бярынды (побач з формай архитектон), але ў XIX ст. больш звычайнай была форма архітэкт (Нас.), таму можна меркаваць, што сучасная форма замацавалася пад уздзеяннем рускай мовы (< зах.-еўрап.). Форма архітэ́кт праз польскую з лацінскай мовы, дзе з грэчаскай.

Архітэкту́ра. Слова ёсць у Бярынды, Ф. Пракаповіча (Труды Воронеж. ГУ, 83, 127), дзе яно з лацінскага (магчыма, праз польскую) architectura. Рус. архитектура, паводле Шанскага, 1, А, 156, з заходнерускай, таму няма ’патрэбы лічыць беларускае слова запазычаным з рускай, як Крукоўскі, Уплыў, 76, хаця рускія суадносіны архитектуразодчество, магчыма, уплываюць на суадносіны архітэктурадойлідства ў беларускай (Юрэвіч, «Полымя», 1969, 2, 244).

Архі́ў. Запазычана з рус. архив (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 260; Гіст. мовы, 2, 144: у пач. XX ст.), якое з ням. Archiv (Фасмер, 1, 90).

А́рхі- ўзмацняльны прэфікс, першапачаткова ў грэчаскіх словах са значэннем ’старшы, галоўны’; параўн. яшчэ ст.-рус., пазней ст.-бел. архидиаконъ, архиепископъ, архимандритъ, архистратигъ, архисинагогъ (Гіст. лекс., 121; Гіст. мовы, 1, 307; Працы IM, 7, 144, 147, 224, дзе даюцца і вытворныя), частка з якіх пазней выпала (Шакун, Гісторыя, 277). На беларускай глебе ўтвораны гібрыдныя словы тыпу архідурны, архіразумны, архімільянер. Гіст. мовы, 1, 134, 229; Фасмер, 1, 90.