Арэ́далы, рэ́далі (Касп.), рэ́даль (міёр., Хр. дыял., 335) ’вялікі воз для сена’. З літ. rẽdelė ’драбіны на возе’ ці лат. redele(s) ’драбіны, скрыня на возе’, redeļi ’драбіны на возе, краты’, параўн. лат. redelnieki ’воз’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 501). Параўн. эст. redel ’драбіны (не толькі на возе), краты’. Лат. і літ. словы Эндзелін і Фрэнкель (712) лічаць запазычанымі з н.-ням. Reddel, якое Фрэнкель лічыць утвораным у выніку метатэзы з н.-ням. ledder ’драбіны’. Паводле Вігета (Sitzimgsber. d. gel. estn. Ges., 1927, 273), эстонскае слова належыць да фіна-угорскай лексікі і мае паралелі ў іншых фіна-угорскіх мовах; гэту думку Эндзелін прывёў у дадатках да свайго слоўніка, што падтрымлівае П. Арыета (вусна на канферэнцыі ў гонар 100‑годдзя Я. Эндзеліна, Рыга, люты, 1973). Параўн. у рускіх гаворках Эстоніі редель ’драбіны; прылада для сушкі сена’, пск. редели яслі’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 39–40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)