Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)