Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)