Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сайгачья капуста ’расліна расходнік звычайны, Ledurn vulgare L.’ (Дэмб. 1, 293). Да сайгак (гл. папярэдняе слова). Аб матывацыі назвы гл. заячья капуста.

Са́йда ’паўночная марская прамысловая рыба сямейства трасковых’ (ТСБМ). Сучаснае запазычанне з рус. са́йда ’тс’, якое з фін. saita, Род. с. saidan ’трэска’ або саам. sajte ’род трэскі’; гл. Фасмер, 3, 546; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 189–190.

Са́йка1 ’невялікая булка з пшанічнай мукі’ (ТСБМ), ’перапечка з ільнянога семя’ (Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. са́йка ’тс’, якое лічыцца вытворным ад *сая < эст. sai, Род. с. saia ’белы хлеб’, фін. saija ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 245; Фасмер, 3, 546; Каліма, 212). Адваротны напрамак запазычання — з рускай у балтыйскую мову — прымае Кіпарскі (гл. у Фасмера, там жа).

Са́йка2 ’балкон’ (Касп.). З салька (гл.) у выніку дыялектнага пераходу й ⟷ лʼ.

Саймава́ць, саймавацца ’удзельнічаць у саймаванні, раіцца, дамаўляцца’ (ТСБМ, Касп.), саймікава́ць(ца) ’тс’ (ТСБМ), саймікава́цца ’раіцца, дамаўляцца’ (Нар. сл.). Паланізмы. Параўн. польск. sejmować (się), sejmikować się ’засядаць на сеймы, абмяркоўваць’, якія ад sejm ’сейм’ (Брукнер, 484). Параўн. сейм.

Саймэ́т ’сакрэт’ (Касп.). Па сцвярджэню Чэкмана (Гісторыя, 115) запазычанне з ідыш, але этымон нам невядомы.

Сак1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Сака́ ’асака’ (Нас., Бяльк., Жд. 2, Мат. Гом., Мат. Маг.), ’балоцістая нізкая сенажаць, дзе расце асака Carex’ (Грыг.). З асака (гл.) у выніку адпадзення а‑.

Сакаві́к ’трэці месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’сок бярозы, клёна’ (Шат.). Укр. дыял. сокові́к, соче́нь ’тс’. Да сок, таму што бярозы ў пачатку вясны багатыя на сок (Шаўр, Этымалогія–1977, 95).

Са́канка ’мука грубага памолу’ (Сцяшк. Сл.). З *секанка < сячы.

*Сакарына, сокоры́на ’ясакар’ (Бес.), сакары́ ’ясакары’ (Скарбы), сакары́на ’буслава гняздо’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сокори́на ’ясакар’, польск. sokora ’чорны топаль, ясакар’ з усходнеславянскіх (Брукнер, 506). З ясакар з адпадзеннем пратэзы і суф. ‑ina. Выклікае сумненне значэнне ’буслава гняздо’. Мабыць, ’сакарына з гняздом бусла’.