Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́джаны ’прызначаны лёсам’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Бяльк.), су́джоны ’тс’ (ТС), су́жаный (суженый) ’тс’ (Нас.), сужо́нко ’нарачоны, у дзень шлюбу — малады’ (Тур.), су́жанка ’вызначаная лёсам’ (Гарэц.). Ад судзіць ’прызначаць, прадвызначаць’, гл. таксама сужэнства.

Су́дзень ’вялікі саламяны кош’ (Сцяшк. Сл.), ’суднік’ (Мат. Гом.). Да суд‑ (гл. наступнае слова) з суф. ‑ень.

Су́дзіна ’пасудзіна’ (Сцяшк., Нар. лекс.), судзі́на ’тс’ (ТСБМ, Варл.; гродз., ЖНС), ’невялікая кадушачка для мукі і збожжа’ (узд., Жд. 2), ’вялікая кадушка (на 30–50 пудоў зерня)’ (Сцяц. Сл.), суды́нка ’збанок’ (Дразд., ДАБМ, камент., 822), су́дзя зборн. ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. судина ’пасудзіна, ёмістасць’, ’судна, лодка’ (Ст.-бел. лексікон). Да су́ды (гл.).

Судзі́ць ’меркаваць, абмяркоўваць’, ’асуджаць, ганіць’, ’разглядаць правіннасць, злачынства ў судовым парадку’, судзі́цца ’звяртацца ў суд, мець справу з судом’, ’быць пад судом, мець судзімасць’, ’прадвызначыцца, пашанцаваць’: не судзілася мне долі (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ст.-бел. судити ў розных значэннях (XIV ст., КГС). Укр. суд́ити, рус. суди́ть, ст.-рус. судити, польск. sądić, в.-луж. sudźić, н.-луж. suźiś, чэш. souditi, славац. súdiť, серб.-харв. су́дити, славен. sọ́diti, балг. съ́дя, макед. суди, ст.-слав. сѫдити ’судзіць, асуджаць, прымаць рашэнне’. Прасл. *sǫditi дэрыват ад *sǫdъ ’суд’. Гл. Фасмер, 3, 795–796; Борысь, 539; Шустар-Шэўц, 1376.

Судзьба́ ’доля, лёс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС): sudźba bóża ’прадвызначэнне’ (Федар. 4), судзьба́ — працэсуальны назоўнік ад дзеяслова судзіць (слуц., Жыв. НС), ст.-бел. судба ’тс’: судбы судеи (Альтбаўэр). Параўн. старое ўкр. судьба́ ’доля’, рус. судьба́ ’лёс’, чэш. sudba ’прадвызначэнне, доля’, славен. sódba ’прысуд; меркаванне, думка’, старое ’лёс’, серб.-харв. судба ’тс’, балг. съдба́ ’тс’, макед. судба ’доля, лёс’, ст.-слав. сѫдьба ’прысуд; права, закон; рашэнне, пастанова’. Прасл. *sǫdьba — абстрактны назоўнік ад *sǫditi, гл. судзіць (Шустар-Шэўц, 1376; Скок, 3, 356; Бязлай, 3, 283). Існуе меркаванне, што гэта самастойныя ўтварэнні ў асобных славянскіх мовах, а значэнне ’лёс’ распаўсюдзілася пад уплывам рускай мовы. параўн. Махэк₂, 568; Русек, Этимология–2000–2002, 50.

Су́дна ’плавальны сродак’, ’вядро’ (ТСБМ), судно́ ’пасудзіна’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян., Мат. Гом., Касп., Бяльк.), ’карабель’ (Сл. ПЗБ), ’вымя ў каровы’ (віц., Жыв. св.), ст.-бел. судно ’лодка, карабель’ (XV ст., КГС). Рус. су́дно ’судна; пасудзіна’, смал. ’вымя ў каровы’, ст.-рус. судьно ’судна; лодка’. Дэрыват з суф. ‑н‑ ад суд (гл. суды). Фасмер (3, 796) слова ў значэнні ’судна, лодка’ параўноўвае з франц. vaisseau ’карабель’ ад лац. vasscellum ’маленькая пасудзіна’.

Су́днік ’шафа для посуду’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Ян., Мат. Гом.), ’скрыня для захоўвання прадуктаў’ (Нас., Малчанава, Мат. культ., Шн., Мат. Маг.), ’кубел’ (Сл. ПЗБ), ’драўляная пасуда для сала’ (Сцяшк.), ’бочка з накрыўкай для засольвання сала’ (навагр., З нар. сл.), ’паліца’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’прыстасаванне для сушкі лыжак’ (Сл. ПЗБ). Да судны < суды, гл.

Су́дня ’скрыня для прадуктаў’ (Бяльк., Мат. Маг.). Да суд‑ < суды, гл.

Судо́вы ’які мае адносіны да суда’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.). З польск. sądowy ’тс’; гл. Гіст. мовы, 2, 144.

Судо́м наз. ’нешта нядобрае, непрыемнае’: судом ее возьмі (ТС). Верагодна, да ўкр. судо́ма ’сутарга, курч’, судо́мити ’курчыць, зводзіць сутаргай’. Украінскае слова, на думку Варбат (Этимология–1981, 21–22), працягвае прасл. *sǫdoma, якое з і.-е. *som‑dhə‑m, дзе *som‑ > *sǫ‑, корань ‑dhə‑ (гл. дзець) і суф. ‑m‑. Аб іншых версіях гл. несудомны.