Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́рык ’мінерал, у склад якога ўваходзіць свінец’, ’мінеральная фарба чырвона-карычневага колеру’ (ТСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 95), магчыма, праз рус. су́рик з грэч. συριχόν ’сірыйскі фарбавальнік’, фіксуецца з 1679 г. Аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 806.

Суры́ць ’рабіць смецце’, ’траціць грошы’ (Нас.). Гл. сур; магчыма, зыходная форма для апошняга, узнікшая ў выніку фанетычных працэсаў, характэрных для ўсходнемагілёўскіх гаворак (параўн. Мугілёў ’Магілёў’ і пад.).

Сурэніца (суреница) ’вежавіца, Turitis glabra L.’ (Меер Крыч.). Няясна (памылкова запісанае сурэпіца, гл. наступнае слова, аднак падобных назваў для ўказанай расліны не адзначана).

Сурэ́па ’пустазелле з жоўтымі кветкамі’ (Сцяшк., Мат. Гом.), сурэ́пка ’пустазелле свірэпа’ (Цых.), сурэ́піца ’рапс’ (Ласт.). Параўн. укр. суріпа, сурі́пиця ’тс’ і ’свірэпа’, рус. суре́па, суре́пка, суре́пица ’свірэпа’. Гл. свірэпа; варыянтны пачатак слова тлумачыцца наяўнасцю паралельных зыходных форм прыметніка *svirěpъ/*surěpъ ’дзікі, раз’юшаны’, параўн. рус. свире́пый, суре́пый ’тс’, балг. свире́п, дыял. суря́п, зуре́пав ’раз’юшаны’ і пад. Семантыка слова на базе ’дзікая, некультурная расліна’, гл. Мяркулава, Этимология–1994, 78; інакш — з су- (са значэннем няпоўнага падабенства) і рэпа (гл.) — тлумачыць адпаведныя формы Пічхадзе (Новое в рус. этим., 1, 229), што адлюстроўвае падабенства лістоў розных раслін да лісця рэпы, параўн. рапак, гл. Гл. яшчэ Жураўлёў, Язык и миф, 373.

Су́р’я, су́рыя зборн. ’смецце’ (Мат. Маг.). Гл. сур.