Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сумы́сля ’з намерам, знарок, наўмысна’ (ТСБМ, Бяльк.; барыс., Сл. ПЗБ; Касп., Варл., Ян.), сумы́слі, су́мыслу, сумы́слу ’тс’ (Нас.), сюды ж сумы́сна ’тс’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), ’з добрым намерам’ (Нас.). Гл. наўмысля; параўн. асучасненую форму зумы́сля (zumúśla) ’з намерам, свядома’ (Варл.). Шуба (Прыслоўе, 112) мяркуе пра дэфармацыю суфікса-канчатка ў сумы́сля (сумысле) замест сумысла (сумыслу). Гл. мысліць, гл.

Су́мярак ’змрок’ (ашм., Сл. ПЗБ), на су́мярках ’у час змроку’ (воран., там жа), су́мерак, су́мерка, су́мерк, су́меркі ’тс’ (віц., ЛА, 2), да прасл. *mьrknǫti ’меркнуць’, параўн. рус. су́меркі ’тс’.

Сумятня́ ’бязладная беганіна, мітусня, клопаты’ (ТСБМ), сумя́ціца ’тс’ (Некр. і Байк., Ласт.), ’суматоха’, ’завіруха’ (Нас.). Укр. сумʼяття́, рус. сумя́тица ’тс’. Вытворныя ад кораня ‑мят‑, які ў рус. мяту́, мясти́ ’прыводзіць у замяшанне’, стараж.-рус., ст.-слав. мѧтѫ, мѧсти, чэш. matu, másti ’блытаць; бянтэжыць’ і г. д., аб якім гл. Фасмер, 3, 32. Борысь (Prefiks., 111) лічыць магчымым узнавіць зыходнае усх.-слав. (прасл. дыял.?) sǫmętь < sъmęsti, ‑mętǫ.