Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сало́ма ’сухія сцёблы злакавых раслін, якія застаюцца пасля абмалоту’. Агульнаславянскае, укр., рус. соло́ма, ст.-рус. солома, ц.-слав. слама, польск., в.-луж., н.-луж. słoma, чэш. sláma, славац. slama, серб.-харв. сла̏ма, славен. sláma, балг., макед. сла́ма. Прасл. *solma ’салома’ роднаснае лат. salms ’саломінка’, ст.-прус. salme ’салома’, ст.-в.-ням. hal(a)m ’сцябло’, лац. culmus ’чарот’, і, далей, ст.-інд. çalākas ’сцябло, колас’; усе да і.-е. *ḱoləmā ’сцябло’. Гл. Сной, 578; Борысь, 558. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 2, 1304.

Сало́меніца ’нізкае месца’ (Яшк.). З *салоненіца ў выніку дыстантнай дысіміляцыі. Першапачаткова ’месца, дзе ёсць салёная крыніца’. Да салоны (гл.).

Сало́ны ’салёны’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян., ТС, Мат. Гом.), сало́нны ’тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс., Скарбы); з дысіміляцыяй нндн сало́дны ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Агульнаславянскае; рус. со́лоный, укр. соло́ний, ст.-слав. сланъ, польск., в.-луж., н.-луж. słony, чэш., славац. slaný, серб.-харв. сла̑н, славен. slȃn, балг. слан. Прасл. *solnъ (Траўтман, 249; Фасмер, 3, 713 і наст., Махэк₂, 592; Брукнер, 506); утворана ад і.-е. кораня *sol‑ (гл. соль) з суф. *‑nъ, архаічны прыметнік; гл. Махэк₂, 592; Шустар-Шэўц, 2, 1306–1307; Борысь, 558. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 713 і наст. з літ-рай. Ад салоны ўтворана салане́ць ’прасольваць’ (Сцяшк. Сл.).

Сало́ха ’жаночае імя Саламаніда’, ’дурань, дурніца’ (Нас., Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (Мат. Гом., Юрч., Сл. Брэс.). Укр. соло́ха ’ведзьма’, ’жаночае імя’, рус. пск., цвяр. соло́ха ’неахайная касматая жанчына’, ’русалка’. Апелятывы ўтвораны ад жаночага імя Салоха, якое Унбегаун (BSL, 52, 1957, 176), таксама як і Насовіч, 600, выводзіць з Соломонида, якое было распаўсюджана ў XVII–XVIII стст.; Брукнер, KZ, 43, 403 і інш., гл. Фасмер, 3, 714 утвараюць ад грэч. імя Σαλόμη ’Саламея’. Магчыма, сюды ж і гом. самахня́ ’салоха’ з *салахня пад уплывам сам, сама.

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Салхве́та ’сурвэтка’ (Мат. Гом.). З рус. салфе́тка, якое праз ням. Salvette запазычана з італ. salvietta ’тс’, гл. Праабражэнскі, 2, 247; Мацэнаўэр, 302; Фасмер, 3, 551.

Са́лька ’вышкі, зробленыя над свіранам, накшталт каланчы ў гасподскіх і шляхецкіх дамах для вывешвання вяндліны, сала і да т. п.’ (Нас.), ’пакойчык пад дахам’, ’падстрэшак’ (іўеў., ашм., даўг., Сл. ПЗБ), ’вышкі’ (Байк. і Некр.). Памяншальнае да саля (гл.), або запазычанне з польск. salka ’невялікі пакойчык, які выступае над дахам’; гл. Брукнер, 479.

Сальмя́к ’нашатыр’ (Байк. і Некр.). З польск. salmiak ’тс’, якое з лац. sal ammoniacum ’аміячная соль’ (Брукнер, 479).

Сальні́ца ’невялікая пасудзіна для трымання солі’ (ТСБМ, Касп., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ, З нар. сл.). Укр. сільни́ця, рус. дыял. сольни́ца, польск. solniczka, чэш. solnička і г. д. Прасл. *solnice дэрыват ад *solъnъ ’салёны’ (Махэк₂, 592; Трубачоў, Ремесл. терм., 258).

Сальцісо́н ’каўбасны выраб з спрасаваных вараных субпрадуктаў’ (ТСБМ), ’вантрабянка’ (Мат. Гом.), салтысо́н ’тс’ (Скарбы), салтасо́н, сальсасо́н, сальсесо́н, салтысо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. salceson, якое Брукнер (480) выводзіць з італ., параўн. salsume, salsamento, salsiccia ’каўбаса’, а не з франц. saucisson.