Сало́ма ’сухія сцёблы злакавых раслін, якія застаюцца пасля абмалоту’. Агульнаславянскае, укр., рус. соло́ма, ст.-рус. солома, ц.-слав. слама, польск., в.-луж., н.-луж. słoma, чэш. sláma, славац. slama, серб.-харв. сла̏ма, славен. sláma, балг., макед. сла́ма. Прасл. *solma ’салома’ роднаснае лат. salms ’саломінка’, ст.-прус. salme ’салома’, ст.-в.-ням. hal(a)m ’сцябло’, лац. culmus ’чарот’, і, далей, ст.-інд. çalākas ’сцябло, колас’; усе да і.-е. *ḱoləmā ’сцябло’. Гл. Сной, 578; Борысь, 558. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 2, 1304.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)