Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́скідзь ’выварацень’ (Янк. I, Шат.), вы́скіць ’тс’ (Некр.), вы́скадзь ’тс’ (Серб.). Рус. вы́скидь, выскодь ’тс’, чэш. výskyď ’корань (з зямлёй і каменнем) вывернутага дрэва; выварацень’. Ад *выскіднуцьвы‑, c‑ і кідаць) (Фасмер, 1, 370; Махэк₂, 705).

Вы́скрабак ’булачка з цеста, якое выскрабаецца з дзежкі’; ’апошняе дзіця ў сям’і’ (З нар. сл.), выскраба́чка ’маленькая булачка хлеба, спечаная з рэштак цеста’. Ад выскрабаць (гл. скрэбці) з суф. ‑ак, ‑ачка.

Вы́скрабкі (БРС). Укр. ви́скрібкі, польск. wyskrobek, звычайна мн. л. wyskrobki, в.-луж. wuškrabk, чэш. дыял. vyškrabek ’булачка з рэштак цеста’. Ад выскрабаць з суф. ‑к‑.

Вы́скырка ’жанчына, якая смяецца дзе трэба і дзе не трэба’ (З нар. сл.). Ад вы́скірыць (зубы); параўн. дыял. скі́рыці зубы ’абы-чаго смяяцца’, скі́рыцца ’тс’ (гл.) з суф. ‑к‑. Параўн. шчэрыць (зубы).

Выслане́ц ’ганец; той, каго паслалі за якой-небудзь справай’ (Нас.), высла́нец ’ссыльны’ (Касп.). Рус. пск. выслане́ц ’ссыльны’. У першым значэнні запазычанне з польск. wysłaniec ’пасол, дэлегат; ганец’, у другім — дэрыват да выслаць з суф. ‑ец.

Вы́слуга (БРС). Рус. вы́слуга, укр. ви́слуга, польск. wysługa. Аддзеяслоўнае ўтварэнне (зваротная дэрывацыя) ад выслужыць (гл. служыць). Параўн. Махэк₂, 557.

Высо́кі (БРС, Бяльк., Яруш.). Рус. высо́кий, укр. висо́кий, ст.-рус., ст.-слав. высокъ, польск. wysoki, в.-луж. wusoki, н.-луж. wusoki, husoki, чэш., славац. vysoký, серб.-харв. вѝсок, ви̏ше, славен. visòk, vîše, балг. висо́к, више. Пашырана з выс‑ з дапамогай суф. ‑ок (параўн. рус. высь). Прасл. *v‑ūps‑okъ. Роднаснымі з’яўляюцца грэч. ὑψηλός ’высокі’, ὕψι ’высока’, ὕψος ’вышыня’, ст.-в.-ням. ûf ’на’, ірл. ós, uas ’навярху, над’ (> *aupso), гальск. uxello‑ ’высокі’, ст.-ірл. uasal ’тс’ (Фасмер, 1, 371; Махэк₂, 705; Брукнер, 639; Шанскі, 1, В, 231 і наст.).

Вы́спа ’востраў’ (БРС, Шат., Мядзв., Шн., 1, Яшк.); ’узгорак, узвышанае месца’ (Інстр. I, Яшк.), ’высокі бераг ракі’ (Яшк.). Ст.-бел. выспа ’востраў’. Запазычанне з польск. wyspa ’востраў’ (Булыка, Запазыч., 74 і наст.), якое да высыпаць (гл. сыпаць) (Нітшэ, 199).

Вы́спятак (БРС, Нас., Гарэц., Мядзв., Янк. III, Грыг.). Рус. дыял. вы́спяток ’удар нагой, наском або абцасам бота’, вы́спяток ’пятка нагі’, укр. ви́спʼяток ’насок бота’, у́спяткі ’абцасы’. Дэрыват ад пята, пятка (Рудніцкі, 1, 399); не зусім яснай з’яўляецца прэфіксацыя. Памылкова Каткоў (Очерки по лексике…, 188), які выводзіць рус. дыял. вы́спетки ад выступы ’боты, чаравікі’ (у выніку метатэзы і рэгрэсіўнага ўплыву к̕).

Вы́стай ’агароджанае месца для жывёлы (у полі або лесе)’ (ДАБМ, 784), ’стары лес’ (Яшк., слаўг.). Рус. вы́стой ’дзеянне па дзеяслову выстойваць’, в.-луж. wustaj ’адносіны, пункт погляду’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выстаяць (гл. стаяць).