Вы́гаварка ’вымаўленне’ (Нас.) і выгаворка ’тс’ (Байк. і Некр., Нас.), рус. выговор ’тс’. Суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслова вы́гаварыць ’вымавіць’; параўн. вы́піўка з выпіць і інш.
Выгаго́йла ’вымагальнік’ (Жд., 3). Няясна.
Вы́гада 1 ’разлік’ (БРС, Касп., Яруш., Шат.) і выго́да ’тс’ (Шат.), укр. ви́года, рус. вы́года. Ад выгадаць ’мець прыбытак’, што да гадзіць ’пападаць, цаляць’ (гл.); параўн. рус. дыял. годи́ть ’мерыцца, цэліцца’, серб.-харв. га́ђати ’цэліцца, страляць, кідаць’ і інш.
Вы́гада 2 (БРС) ’раскоша, прыемнасць’ (Касп.); ’паша’, рус. ’угодье’ (Мядзв.: «Выгадай або пашай называецца ўся прастора памешчыцкай зямлі, куды сялянам дазваляецца ганяць жывёлу, за што яны павіяны адрабляць у памешчыка пэўны час»). Гл. выгода.
Выга́ды ’выдумкі, забаўкі, прыхамаць’ (Нас., Яруш., Гарэц.), укр. вигад ’вынаходства’, вигадка ’выдумка, прыхамаць’, польск. дыял. wygadki ’выдумкі, пустыя размовы’. Ад выга́дываць ’прыдумваць’, што ўзыходзіць да гадаць.
Вы́ган ’паша, участак каля вёскі, куды выганяюць жывёлу’ (Касп., Шат., Янк. I, Яруш., З нар. сл., Інстр. I, Яшк., БРС); укр. ви́гін, рус. вы́гон, польск. wygon, чэш. výhon, славац. výhon. Ад выганя́ць, гл. гнаць; параўн. структурны адпаведнік літ. ìšgana ’выган, прагон’, gãnýti ’пасвіць’.
Выганя́сты, выго́ністы ’гонкі, выносны’ (Янк. III). Ад выганя́ць ’хутка расці’ (да гнаць), суфіксацыя ‑я́сты, ‑і́сты, характэрная для ўтварэння якасных прыметнікаў, часцей ад назоўнікаў; параўн. чэш. паралель výhon ’расток, адростак’, vyhnati ’выпусціць расток’.
Вы́гар (БРС), вы́гарына ’яма ад выгаралага торфу’ (пух., Жыв. сл.), вы́гарка ’тс’ (Касп.); ’тарфяны кар’ер’ (Шатал.). Да гарэць (гл.); параўн. вы́жар, выжарына.
Выглаша́ць ’аб’яўляць’, рус. ’оглашать’ (Яруш.). З польск. wygłaszać ’прамаўляць, голасна паведамляць’, адпаведная беларуская форма была б *выгалашаць (з поўнагалоссем); параўн. галасі́ць ’крычаць на ўвесь голас’.
Вы́гледка ’люстэрка’, ву́гледка ’тс’ (КСТ). Мясцовае ўтварэнне ад выгляда́ць, глядзець (гл.).
Выглёнда ’вышка’ (Чэрн.). Запазычана з польск. wygląda, найбольш блізкае значэнне, якое даецца ў слоўніках — ’акно’ (Варш. сл.); магчыма, самастойнае ўтварэнне ад wyglądać ’выглядаць’.